14 сакавіка ў Бараўлянах затрымалі фатографа і журналіста Дзмітрыя Баяровіча разам з жонкаю Валерыяй. У іх удома ўчынілі ператрус. У чым абвінавачваюць сужэнцаў, пакуль не паведамляецца.
Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», Дзмітрыя Баяровіча затрымалі раніцай, калі ён выходзіў з пад’езду. На відэа з камераў назірання бачна, як мужчыну паклалі на зямлю сілавікі. Да мужчыны падбегла ягоная жонка.
Потым сілавікі разам з Дзмітрыем і Валерыяй пайшлі ў кватэру на ператрус. Праз 10 хвілінаў сілавікі вывелі Дзмітрыя і пасадзілі ў мікрааўтобус. Праз 40 хвілінаў з пад’езду вывелі і Валерыю, пасадзілі ў бусік і некуды павезлі.
Дзмітрый Баяровіч працаваў на СТВ, але ў 2021 годзе звольніўся. Прапагандысцкія рэсурсы ў апісанні затрымання згадваюць, што журналіст рабіў матэрыял для Беларускага расследавальніцкага цэнтру, які пасля выйшаў на «Белсаце». Магчыма, гэта і стала нагодай для затрымання.
«Пытанне толькі ў адным: гэтая інфармацыя ў іх была вельмі даўно. А затрымаць вырашылі цяпер», – распавёў былы калега Баяровіча Міхаіл Прановіч.
Калегі адзначаюць, што затрыманы не ўдзельнічаў у пратэстах і больш не супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі, «але не дапамагло».
«Вельмі ціхі, інтэлігентны хлопец. На працы ўсе, уключаючы дзейных прапагандыстаў, яго любілі», – сказаў Прановіч.
У чым канкрэтна вінавацяць Дзмітрыя і Валерыю Баяровічаў, пакуль невядома.
Якуб Хруст belsat.eu