«Толькі вар'ят адважыцца палезці». У Роўненскай вобласці замініравалі мяжу з Беларуссю


Кіраўнік Роўненскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль паведаміў пра мініраванне ўсёй мяжы з Беларуссю і ўзвядзенне ў прыгранічнай зоне інжынерных і фартыфікацыйных збудаванняў. «Усе 229 сумесных кіламетраў з Рэспублікай Беларусь умацоўваюцца настолькі, каб расейскія войскі не змаглі прайсці ўглыб нашага рэгіёну», – напісаў Коваль у сваім Telegram-канале.

Жалезабетонны плот з калючым дротам на мяжы Украіны і Беларусі.
Фота: tymoshenko_kyrylo / Telegram

Кіраўнік Роўненскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль распавёў пра падрыхтоўку да абароны рэгіёну з поўначы – з тэрыторыі Беларусі. Ён паведаміў, што мяжа цалкам замініраваная.

«На поўначы актыўна ўладкоўваем інжынерныя і фартыфікацыйныя збудаванні. Супрацьтанкавыя равы. Усе 229 сумесных кіламетраў з Рэспублікай Беларусь ўмацоўваюцца настолькі, каб расейскія войскі не змаглі прайсці ўглыб нашага рэгіёну. Калі ўлады Беларусі дадуць магчымасць ім пачаць наступ», – напісаў Коваль у сваім Telegram-канале.

Ён адзначыў, што мясцовыя жыхары – гэта яшчэ адна армія, якая гатовая абараняць сваю зямлю.

«У нашым рэгіёне ўвесь памежны перыметр замініраваны. Да таго ж поўнач Роўненскай вобласці – гэта суцэльныя лясы і балоты. Толькі вар’ят адважыцца палезці ў гэты, як мы называем, Палескі кацёл. Поўнач Ровеншчыны ператворыцца ў крывавыя балоты, калі Расея адкрые яшчэ адзін фронт з боку Беларусі», – адзначыў кіраўнік адміністрацыі.

Украінская армія і іншыя сілавыя фармаванні рэгулярная ладзяць на поўначы, ля мяжы з Беларуссю, трэнаванні, паведамлялася пра ўмацаванне ўкраінцамі прыгранічнай зоны праз пагрозу паўторнага ўварвання расейскіх войскаў з беларускай тэрыторыі.

На мяжы закрытыя ўсе пункты пропуску.

Аналітыка
Ці ўступіць Беларусь у вайну? Пяць аргументаў на карысць і супраць найгоршага сцэнара
2023.01.06 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў