Крымінальная справа ў дачыненні палітзняволенай грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі паступіла ў абласны суд Горадні, паведаміла БелТА ў прэс-службе Вярхоўнага суду. Дата разгляду яшчэ не прызначаная.
Паводле Генпракуратуры, Сапегу абвінавачваюць у стварэнні і адміністраванні шэрагу тэлеграм-каналаў, дзейнасць якіх «была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнай улады Беларусі і яе праваахоўнага блоку, распальванне сацыяльнай розні, варожасці, а таксама на арганізацыю злачынстваў у дачыненні да асобных катэгорыяў грамадзянаў».
У гэтых тэлеграм-каналах нібыта былі размешчаныя персанальныя дадзеныя не менш чым 238 чалавек, сярод якіх былі супрацоўнікі органаў унутраных справаў, пракурорскія працаўнікі, суддзі, іншыя дзяржаўныя службоўцы, а таксама журналісты. Пасля апублікавання інфармацыі ім і іхным блізкім нібыта сталі паступаць пагрозы прымянення гвалту, пашкоджання маёмасці, былі здзейсненыя іншыя злачынствы.
Пракуратура пералічвае інструменты, з дапамогай якіх Сапега здзяйсняла злачынствы: тэлефон iPhone 12 Pro Max, ноўтбук Apple Macbook Air, іншая кампутарная тэхніка.
Соф’ю Сапегу будуць судзіць паводле паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
– ч. 3 арт. 130 – «Распальванне варожасці»;
– ч. 4 арт. 16 і арт. 364 – «Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў і ягоных блізкіх»;
– ч. 4 арт. 16 і арт. 365 – «Пагроза знішчэння і пашкоджання маёмасці супрацоўніка органаў унутраных справаў, распаўсюд паклёпу ці звестак, якія супрацоўнік хоча захаваць у таямніцы»;
– ч. 4 арт. 16 і арт. 366 – «Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні службовай асобы»;
– ч. 4 арт. 16 і арт. 389 – «Пагроза забойства, гвалту, пашкоджання маёмасці суддзі і ягоных блізкіх»;
– ч. 4 арт. 16 і арт. 198 – «Перашкода законнай дзейнасці журналіста»;
– чч. 1 і 2 арт. 203-1 – «Незаконны збор і распаўсюджванне інфармацыю пра прыватнае жыццё іншай асобы без згоды».
Паводле арт.130 дзяўчыне пагражае да 12 гадоў зняволення.
Соф’я Сапега была затрыманая 23 траўня 2021 году разам з Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце пасля прымусовага прызямлення самалёта «Ryanair». Пасля затрымання Сапегу трымалі ў СІЗА, а з канца чэрвеня перавялі пад хатні арышт.
21 снежня айчым палітзняволенай Сяргей Дудзіч у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» распавёў, што Соф’я напісала прашэнне аб памілаванні.
ГГ, belsat.eu