Абразы, паклёпы, распальванне варожасці. У Беларусі за слова з трох літараў у каментары на «Аднакласніках» – прыкладам, за «чмо», – могуць пазбавіць волі на некалькі гадоў. Такіх прысудаў – тысячы. Праваабаронцы кажуць пра шырачэзны маштаб з’явы і вылучаюць справы, заведзеныя за вербальныя злачынствы, у асобную катэгорыю – дыфамацыйных. Гэта яшчэ не орўэлаўскае «думзлачынства», але ўжо вельмі блізка. Разбіраемся, колькі людзей асудзілі ў Сінявокай за моцныя словы, якія тэрміны ім даюць і як будзем развязваць справы з абразамі ў вольнай Беларусі.
Са звестак праваабаронцы «Вясны» Паўла Сапелкі, на 3 снежня 2021 года было вядома пра 1235 асуджаных у крымінальных справах, распачатых за ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў і за рознага кшталту паслявыбарчую актыўнасць. Каля 450 з іх (36 %) – гэта прысуды за паклёпы і абразы службовых асобаў, суддзяў ці прэзідэнта. І гэта – не ўлічваючы выракаў за «распальванне варожасці» (арт. 130 КК), бо, паводле Сапелкі, гэтыя выпадкі «могуць выглядаць па-рознаму».
«Атрымліваецца, што больш чым кожная трэцяя крымінальная справа, якая разглядаецца ў сувязі з пратэстамі, – гэта справа, звязаныя са злачынствамі словам», – канстатуе праваабаронца.
Сапелка заўважае, што найбольш прысудаў у гэтай катэгорыі – за абразу прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Такіх каля 300.
Пры гэтым праваабаронцы ведаюць не пра ўсе выпадкі асуджэння за вербальныя злачынствы, дык выніковая лічба можа быць большая. Пра апраўдальныя прысуды ў падобных справах – не чуваць.
Тэрмін «дыфамацыя» паходзіць з лацінскага diffamatio, што азначае ‘знеслаўленне, пазбаўленне гонару’. У сучаснай юрыдычнай практыцы – распаўсюд ганебных звестак (няважна, праўдзівых ці не).
У Крымінальным кодэксе Беларусі праваабаронцы адзначаюць 7 артыкулаў, якія замацоўваюць адказнасць за дыфамацыю:
У гэты спіс можна дадаць і арт. 130 КК («Распальванне нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»), бо, на думку Паўла Сапелкі, у ім вядзецца пра тыя ж дыфамацыйныя дзеянні – толькі без канкрэтнага адрасата.
«Калі чалавек абражае канкрэтнага міліцыянта, то яму, найхутчэй, выставяць арт. 369, а калі ўсіх службовых асобаў агулам, то цалкам магчыма, што яго будуць пераследаваць па 130-м артыкуле», – тлумачыць праваабаронца.
Як сцвярджае Павел Сапелка, асноўная крыніца справаў за дыфамацыю ў Беларусі – інфармацыйная прастора: чаты і сацсеткі ў інтэрнэце, СМІ. Суды за вусную абразу ці паклёп – рэдкі выпадак.
Прэцэдэнты асуджэнняў за дыфамацыю ў Беларусі былі і раней. Але часцей пад пераслед за словы падпадалі якраз «прафесіяналы слова» – журналісты. Згадаем справы Віктара Івашкевіча (2001, паклёп і абраза прэзідэнта), Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі (2002, паклёп і абраза прэзідэнта), Анджэя Пачобута (2011, паклёп на прэзідэнта). Сёлета Пачобут ізноў апынуўся за кратамі – і другі раз за дыфамацыйны артыкул: за распальванні варожасці (арт. 130 КК).
Аднак да 2020 года такіх справаў было няшмат. Сапраўдны вал судоў за каментары ўсчаўся пасля 9 жніўня.
«Насамрэч людзі чынілі гэта не таму, што раптам сталі настолькі нястрыманымі і нявыхаванымі. Проста многія, пабачыўшы беззаконне, распаўсюдзілі свае ацэнкі на ўсіх, хто носіць форму ці хто наагул знаходзіцца на дзяржаўнай службе. Гэта, хутчэй за ўсё, няправільна. Але гэта тлумачыцца паводзінамі самой дзяржавы і яе прадстаўнікоў. Я думаю, што паток абразаў, які пачаў вылівацца на прадстаўнікоў сілавых структур, быў бы не такі імклівы, шырокі і абʼёмны, калі б дзяржава паказала хаця б мінімальныя высілкі для расследавання актаў катавання і для пакарання вінаватых», – лічыць праваабаронца Павел Сапелка.
Канкрэтныя словы, з нагоды якіх заводзілі крымінальныя справы за знявагу ці паклёп, не заўсёды вядомыя. Павел Сапелка звяртае ўвагу на характэрны момант: у тэкстах выракаў суддзі, як правіла, замоўчваюць, якім канкрэтна выказваннем асуджаны зняважыў ці абылгаў пацярпелага.
«Чаму? Як мне падаецца, гэтыя прысуды захоўваюцца нашмат даўжэй, чым матэрыялы крымінальнай справы. І з часам чалавеку будзе складана нават патлумачыць іншым, што ж насамрэч ён учыніў і што сказаў», – мяркуе праваабаронца.
Павел Сапелка кажа, што было шмат выпадкаў, калі зняважлівы сэнс выказвання быў спрэчны ці калі абразы накіроўваліся, хутчэй, на сітуацыю, чым на асобу. У якасці аднаго з самых абсурдных і ганебных выпадкаў прыводзіць асуджэнне чалавека, які сам стаўся ахвярай міліцэйскага гвалту: супрацоўнікі МУС збівалі яго нагамі – і ў момант, калі яго білі, мужчына выкрыкнуў нецэнзурнае слова.
«Ці то на адрас кагосьці, ці то ў цэлым як ацэнку іх дзеянняў. Слова напаўцэнзурнае нават. І вось, замест таго, каб расследаваць жорсткае абыходжанне ў дачыненні гэтага чалавека, СК завёў крымінальную справу за абразу службовых асобаў», – дзеліцца Сапелка.
Пералічваць праз коску ўсе такія выпадкі праваабаронца лічыць за лішняе, бо «калі нават выключыць самыя ганебныя выпадкі практыкі, то праз гэта агульная практыка не перастане быць няправільнай».
Ёсць меркаванне, што для следчых падобныя справы – лёгкі хлеб, і акурат гэтым, маўляў, тлумачыцца вялікая колькасць справаў за каментары ў сеціве. Але Павел Сапелка кажа, што прычына не ў лёгкасці: з цяперашнім павярхоўным падыходам і з поўным занядбаннем правоў і свабодаў у працэсах, аднолькава лёгка даказваецца віна ў злачынствах паводле любога артыкулу. Прыкладам, арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»): бяры фота любога чалавека, які стаіць на праезнай частцы падчас пратэстаў, – і гэта ўжо патэнцыйны падазраваны, потым – абвінавачаны, потым – асуджаны.
«Дакладна так і з дыфамацыяй. Адкрыць любыя сацсеткі, дзе абмяркоўваюць сацыяльна-палітычныя тэмы, – і выбірай тыя з іх, якія былі адпраўленыя з Беларусі беларускімі грамадзянамі. Хаця практыка паказвае, што не абавязкова нават з тэрыторыі РБ.
Быў выпадак, калі асудзілі чалавека, які адправіў каментар са стаянкі цяжкавікоў у Італіі. Па вяртанні яго асудзілі. І нікога не бянтэжыла, што, магчыма, паводле італьянскіх законаў гэта не злачынства. Ніхто не пераймаўся: судзілі паводле беларускіх – і ўсё на гэтым», – расказвае праваабаронца.
Сапелка ўпэўнены, што парадак дзеянняў вызначаюць не следчыя і нават не Следчы камітэт.
«Я думаю, што гэта такая агульная палітыка, якая дзейнічае па ўсіх франтах. Гэта проста нагнятанне страху, усеагульнага ціску. Гэта дэманстрацыя таго, што кожны, хто адважыўся выказацца пра існую ўладу, – будзе знойдзены і прыцягнуты да адказнасці. Яны гэтага і не хаваюць, так прыкладна і фармулююць гэты падыход, – кажа Павел Сапелка. – Але тут самае крыўднае і абуральнае, што закон у гэтай сітуацыі працуе толькі ў адзін бок. Таму што службовыя асобы розных узроўняў, прапагандысты, зусім не абмяжоўваць сябе ў выказваннях у дачыненні палітычных апанентаў. Гэта мы чуем па тэлебачанні, у афіцыйных прамовах. І такі селектыўны падыход да крымінальнага пераследу стварае ўсеагульную атмасферу страху і суцэльных забаронаў».
Праваабаронца Павел Сапелка кажа, што арыентавацца трэба на меркаванні міжнародных экспертаў у галіне свабоды слова, і фармулюе прынамсі тры патрабаванні.
«Пачынаць трэба будзе, канечне, з заканадаўства. І выключыць з Крымінальнага кодэксу такія артыкулы, як «Паклёп на прэзідэнта» і «Абраза прэзідэнта», па якіх цяпер яшчэ і ўзмацнілі пакаранне. Таксама – артыкул «Абраза прадстаўніка ўлады». У пераходны перыяд яны, можа быць, і могуць заставацца ў Крымінальным кодэксе, але пакаранні па іх не павінны быць звязаныя з пазбаўленнем волі. Хай будуць фінансавыя пакаранні, можа, грамадскія працы», – мяркуе Павел Сапелка.
Ён таксама кажа, што важна будзе змяніць практыку ўжывання законаў у гэтай вобласці. Грунтаваць яе на практыцы дамоўных органаў Еўрапейскага суда правоў чалавека і сыходзіць з тых прынцыпаў і тых каштоўнасцяў, якія яны бароняць.
«Найперш – з прынцыпу свабоды выказвання меркаванняў, які дапускае, што гэтая свабода можа быць абмежаваная, але кажа пра тое, што любое абмежаванне гэтай свабоды мае быць прапарцыянальным і не павінна адмяняць сутнасці гэтай самай свабоды», – падсумоўвае Павел Сапелка.
ЗК belsat.eu