Пікавая драма

Польскі памежнік загінуў ад рукі мігранта. Удар быў нанесены не нажом, а пікай, аналагічнай тым, якія можна ўбачыць у галівудскіх фільмах пра выжыванне цывілізаваных грамадзянаў ва ўмовах дзікай прыроды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяна на польска-беларускай мяжы каля вёскі Толчэ (Tołcze), Польшча. 13 мая 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Плот на мяжы праглядаецца. Здымка вядзецца кругласутачна, таму абставіны трагедыі не ёсць сакрэтам, і для Польшчы гэта цяпер агульнанацыянальнае пытанне.

Ніхто не адмаўчаўся, выказаліся ўсе афіцыйныя асобы. І калі прэзідэнт Анджэй Дуда і прэмʼер-міністр Дональд Туск у першую чаргу смуткавалі, выказвалі спачуванні блізкім, то спікер Сейму Шыман Галоўня быў максімальна канкрэтны. Ён заявіў, што Расея і Беларусь імкнуцца дэстабілізаваць сітуацыю ў Польшчы і Еўрапейскім звязе: «Яны будуць правакаваць нас, пакуль іхная рука не аслабне».

Што стаіць за гэтымі словамі? А мы сапраўды хочам гэта праверыць? Пакуль польскае МЗС выклікаў паверанага ў справах Беларусі і ўручыў яму ноту, якая змяшчае патрабаванне высветліць асобу нападніка на польскага салдата і выдаць яго польскаму боку. На што прэс-сакратар беларускага МЗС грамадзянін Глаз паабяцаў зрабіць усё магчымае, намякнуў на неабходнасць поўнага аднаўлення супрацы ў праваахоўнай сферы.

Што гэта значыць у перакладзе з наменклатурнай на чалавечую? Гэта нескладана. У выпадку высвятлення асобы злачынца Беларусь можа яго выдаць, але запатрабуе наўзамен аналагічнай выдачы грамадзянаў, якія пераследуюцца праваахоўнаю сістэмаю Беларусі. Каго? Ды каго заўгодна!

Ну вось, Латушка добра падыходзіць, Матолька нядаўна ў (бяспечную) Польшчу перабраўся, ды ўзяць хоць бы Кныровіча, гэта значыць мяне – два тэрміны па 15 гадоў за Каардынацыйную раду ўжо дакладна ёсць. Так што ёсць на каго памяняць безназоўнага пакуль мігранта-забойцу.

Вельмі здзіўлюся, калі МЗС Рэспублікі Беларусь падмане мае чаканні і ўнясе нейкія іншыя прапановы – не ў яго гэта стылі. А значыць, злачынец, забойца можа адчуваць сябе ў Беларусі цалкам спакойна.

І што далей? Тут трэба было б яшчэ раз пагартаць польскую прэсу. Апісваючы трагедыю, кіраўнік польскага МЗС наўпрост паказаў на тое, што «напад не быў асабістай ініцыятывай мігрантаў, якія напалі на нашага жаўнера». «Яны праходзяць навучанне на беларускім баку для гэтага», – падкрэсліў ён.

Такім чынам, калі грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць дазволіць сабе быць не ў курсе («Ну ходзяць там, дзесьці, уздоўж мяжы, нейкія мігранты, Бог іх ведае, што за людзі. Якое гэта мае дачыненне да нас?»), то з заходняга боку Бугу гісторыя выглядае зусім інакш: лукашэнкаўскія спецслужбы свядома арганізавалі масавы трафік з краінаў Азіі і не проста суправаджаюць працэс, але і рыхтуюць, трэнуюць гэтых мігрантаў. Праз гэтую прызму смерць памежніка ніяк не выглядае трагічнаю выпадковасцю і патрабуе расследавання, рэакцыі. Гэта ж толькі ў Расеі, калі ўпаў з неба самалёт з Прыгожыным, грамадзянам на поўным сур’ёзе паведамлялі, што пасажыры чагосьці там нанюхаліся і пачалі гранатай у квача гуляць. На тым расследаванне і скончылася. У Польшчы, дзе існуе вострая палітычная канкурэнцыя, такое глупства скарміць грамадзянам рашуча немагчыма, яны будуць патрабаваць палітычнай рэакцыі.

Што ў арсенале польскіх уладаў? Нагадаю, менавіта з такіх здарэнняў у мінулым часцяком пачыналіся вайны. Аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў вайне Польшча не зацікаўленая, няма такога запыту ў грамадстве, што б ні паведамлялі ў БТ.

Што ж тады? Сцяна. Калі магчыма, то жалезная, пад напружаннем. І роў з кракадзіламі. Ну, як і належыць, калі вы суседнічаеце з непрадказальнымі, неадэкватнымі людзьмі. Нічога акрамя вялікай сцяны і не застаецца.

Пакуль гэта выяўляецца ва ўжо заяўленым рашэнні аднавіць санітарны кардон уздоўж усёй усходняй мяжы. І, вядома, вылучаныя $ 2,5 млрд на ўмацаванне самой мяжы таксама мяркуюць максімальнае ўскладненне жыцця ахвочым наведаць ЕЗ, абыходзячы памежныя пункты. Ну і зноў без пагаршэння сітуацыі з выдачаю візаў не абыдзецца, а як жа.

Тут, была справа, размова зайшла пра аднаўленне працы памежнага пераходу «Баравінкі», але эпізод на мяжы хутка звёў увесь пазітыў да нуля. Пакуль будуць толькі зачыняць. Можна было б выказаць здагадку, што канчатковай кропкай ёсць закрыццё і апошняга пераходу паміж дзвюма краінамі, Варшаўскага мосту, але пакуль што такая ступень рэакцыі не праглядаецца. Хоць пытанне, вядома, і не ў гэтым.

Пытанне ў тым, як мы апынуліся ў такой сітуацыі. Па прывіднай тэрыторыі ходзяць людзі, якія не размаўляюць па-расейску, узброеныя прыладамі, што пасуюць для палявання на буйную жывёлу. Мы сапраўды гэтага хацелі дамагчыся? Пакуль яны тыкаюць гэтымі пікамі ў бок Захаду, а калі, не дай Бог, перадумаюць? Зменяць, так бы мовіць, арыентацыю. Што тады рабіць будзем?

belsat.eu / ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў