«Белсат» звязаўся з чытачом, якім разаслаў інфармацыю пра дэталі смерці Алеся Пушкіна ў рэдакцыі незалежных СМІ. На ўмовах ананімнасці чытач спаслаўся на крыніцы, што заслугоўваюць даверу, і паведаміў раней невядомыя дэталі раптоўнай смерці палітвязня. Афіцыйных звестак наконт смерці Алеся Пушкіна дагэтуль няма.
Чытач «Белсату», знаёмы з сітуацыяй, распавёў, што Алесю Пушкіну некалькі дзён не аказвалі дапамогу ў медычнай частцы турмы №1 у Горадні. Пра гэта сведчыць стан, у якім палітвязень быў дастаўлены ў Гарадзенскую больніцу хуткай медычнай дапамогі.
«Гэта такі стан, калі ў сценцы страўніка амаль імгненна ўзнікае дзірка і яго змесціва выцякае, узнікае рэзкі, так званы кінжальны, боль. Чалавек скурчваецца ў позу эмбрыёна, зводзіць рукі і ногі, каб паменшыць ціск у чэраўнай паражніне. Цярпець такі боль немагчыма, як немагчыма не заўважыць такіх характэрных паводзінаў чалавека», – паведаміў суразмоўца.
Паводле адзнакі суразмоўцы, сёння ў нармальнай сітуацыі прабадная язва не ёсць для дактароў нечым складаным:
«Калі ўзнікае гэтая тыповая сімптаматыка і чалавек звяртаецца да дактароў, то звычайна яго аперуюць тэрмінова. Аперацыя не доўжыцца больш за гадзіну і чалавек ідзе на папраўку. А вось калі зацягнуць, то развіваюцца розныя ўскладненні, якія становяцца ўсё больш небяспечнымі для чалавека і ўвогуле для ягонага жыцця».
Паводле чытача, Алесь Пушкін быў дастаўлены ў больніцу з ускладненнямі пасля прабадзення язвы, характар якіх сведчыць пра доўгатэрміновае неаказанне яму дапамогі ў медычнай частцы турмы, бо самі вязні звярнуцца ў хуткую дапамогу не могуць:
«У яго быў ужо запушчаны перытаніт, пачаўся сепсіс, была паліорганавая недастатковасць. Усё гэта – прыкметы таго, што паміж момантам прабадзення язвы і пачаткам аперацыі прайшло некалькі дзён. Мяркуйце самі – у гэтага пацыента, скажам так, ад працэсаў у чэраўнай паражніне пашкодзілася дыяфрагма і змесціва страўніка, якое на той момант расклалася, трапіла ў плеўральную паражніну. Гэта ж колькі часу мусіла прайсці, каб дыяфрагма прагніла? Гэтага чалавека закатавалі!»
Суразмоўца ўпэўнены, што адказнасць за смерць Алеся Пушкіна нясе найперш начальнік медычнай часткі турмы № 1 у Горадні, дзе ўтрымліваўся мастак:
«Я разумею, што гэты доктар можа спаслацца на нейкі загад начальства, але калі ты працуеш у такіх абставінах, то твой подпіс стаіць пад адпаведным дакументам, і ты таксама – хаўруснік злачынства. У дадзеным выпадку – гэта забойства».
Каментуючы раней распаўсюджаную медыямі інфармацыю, што Пушкін скардзіўся на болі ў нырках і моцна схуднеў апошнім часам, суразмоўца «Белсату» зазначыў, што пагаршэнне здароўя – заканамерны вынік утрымання ў вязніцы.
«Як чалавек, які пасядзеў у гэтых засценках, я ведаю, што там абвастраецца ўсё. Усе хранічныя хваробы абвастраюцца, дадаюцца новыя. Тое, што ён схуднеў, можа быць звязанае са шмат якімі хваробамі, але найперш – з харчаваннем. Таму што скарынка хлеба з чаем з раніцы да абеду – гэта малавата. Да таго ж, яны не аказваюць медычнай дапамогі, лекаў не перадаюць сістэматычна. Апошняе – звычайная практыка начальніка медсанчасткі ў гарадзенскай турме».
Таксама суразмоўца адзначыў, што нават чалавек з невысокай медычнай кваліфікацыяй ведае, да чаго прыводзіць забарона перадаваць лекі хранічна хворым, а не заўважыць сімптомаў прабадной язвы ўвогуле немагчыма «любому нармальнаму чалавеку», таму «гэта ўсё – свядомыя дзеянні».
Каментуючы безвыніковасць спробы апераваць Алеся Пушкіна, суразмоўца адзначыў, што на момант правядзення аперацыі стан пацыента быў вельмі цяжкі. Гнойны перытаніт і сепсіс прывялі да таго, што пачалі паступова адказваць сістэмы органаў і ў выніку не вытрымала сэрца.
Палітвязень і мастак Алесь Пушкін памёр уначы 11 ліпеня, з папярэдніх звестак – пры нявысветленых абставінах у рэанімацыі. Пра смерць мастака першай паведаміла ягоная жонка Яніна Дземух. Пазней факт смерці вязня прызналі ў тэлефоннай размове прадстаўнікі турэмнай адміністрацыі. Пазней сталі вядома, што Алесь памёр падчас аперацыі, у лістах скардзіўся на хворыя ныркі. 12 ліпеня незалежныя медыі распаўсюдзілі інфармацыю ананіма пра тое, што ў Пушкіна здарылася прабадная язва.
Вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін быў асуджаны на 5 гадоў заняволення ў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў «глумленні з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК) і ў «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу» (ч. 3 арт. 130 КК). Прысуд яму вынесла суддзя Алена Шылько, пракурорам у справе быў Аляксандр Кароль.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёну Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада 2022 г. пастанавіў перавесці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на 1,5 года. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў турму № 1 у Горадні, дзе яго і трымалі да смерці.
Мы не можам праверыць словаў нашага суразмоўцы, але публікуем каментар з уліку грамадскай важнасці агучанай інфармацыі. «Белсат» патэлефанаваў па каментар у турму № 1 у Горадні, але там адмовіліся размаўляць і сказалі звяртацца з пытаннямі ў прэс-службу МУС.
Антон Тачняк belsat.eu