Расейскія дамы ў Беларусі: каму на карысць, каму на шкоду

У берасцейскім Расейскім доме дзецям паказалі «расейскі Крым».

Ніводная нацыя (што парадаксальна, у тым ліку і карэнная) не пачуваецца ў лукашэнкаўскай Беларусі гэтак вольна, як расейцы. Усе іншыя меншасці (палякі, габрэі, літоўцы ці латышы) у той ці іншай ступені заўсёды зазнавалі абмежаванні. Гісторыі з сапраўдным выжываннем польскай мовы і польскіх школаў у Беларусі мы добра ведаем не з чутак. Але ёсць тое недакранальнае, на што Лукашэнка не ўзніме рукі. «Рассупрацоўніцтва» смела адкрывае ў Беларусі свае аддзяленні і без абмежаванняў рэалізуе ўласныя праекты. Гэтая арганізацыя рэпрэзентаваная ў 62 краінах свету 73 прадстаўніцтвамі. Галоўная місія «Рассупрацоўніцтва» – «узмацненне гуманітарнага ўплыву Расеі ў свеце». Гарадзенскі Расейскі дом адкрылі апошнім – ён чацвёрты ў нашай краіне. Столькі няма і ў значна большых краінах (напрыклад, у Польшчы іх толькі два – у Варшаве і Гданьску). Але акрамя аповедаў пра гісторыю Расеі, знаёмства з яе культурнаю спадчынаю, моўнымі фестывалямі і курсамі вывучэння мовы, альбо проста гастранамічнымі праектамі, часам, быццам незнарок, там выходзяць і за межы задэклараванага. Тэлеграм-канал праваабаронцаў і журналістаў «Вясны» заўважыў не зусім сумленны прыход «русского мира» ў Берасце. Тамтэйшае прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» адкрыла праграму «Летнія вакацыі ў Расейскім доме» для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Яна прадугледжвае прагляд малымі беларусамі (13 класы) мультфільмаў, ролікаў пра расейскія славутасці і дзіцячае кіно.

Фота: Русский дом в Бресте / Facebook.com

Але абавязковая частка праграмы – выстава «Пачуццё Радзімы» пра, вядома, расейскі Крым. І асаблівасць будынку Расейскага цэнтру навукі і культуры ў Берасці такая, што міма выставы прайсці нельга. А нават калі дзеткі і будуць спяшацца ў кіназалу, настаўнікі іх абавязкова затрымаюць. Таму берасцейскія 6–8-годкі вымушаныя знаёміцца з гэтаю выставай і слухаць пра «сучаснае развіццё Крымскага паўвострава». Справа, быццам бы, выглядае бяскрыўднай. Але пачуццё таго, што гэта нездарма, не пакідае. Спачатку абкаталі такую навінку на вучнях берасцейскай школы № 19. За імі пайшлі іншыя. Прадстаўніцтва Расейскага дому ў Берасці заявілася з гэтаю праграмаю на ўвесь чэрвень. Але яшчэ раней, 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, тэлеграм-канал установы перапосціў з тэлеграм-каналу «Диктант победы» тэкст і вельмі дзіўнае, абсалютна незразумелае і неадназначнае ў такое свята архіўнае фота, дзе школьнікі збіраюць кулямёты «Максім» на заводзе № 810 у блакадным Ленінградзе. І гэта ў мірны і светлы дзень 1 чэрвеня. Акрамя таго, там працягнулі відэафлэш-моб «Памяць у вершаваных радках 3.0», у якім малыя дзеці (пакуль расейскія) чытаюць вершы пра Другую сусветную вайну. А цяпер яшчэ пайшоў праект і 4.0.

Маладых блогераў «Рассупрацоўніцтва» запрашае ўзяць удзел у конкурсе «Русмир в медиа»: «Калі табе ад 16 да 19 гадоў, у цябе расейскае ці замежнае грамадзянства і ты свабодна валодаеш расейскаю моваю, здымі відэасюжэтзапішы падкаст ці апублікуй допіс на тэму «Расея сённягэта краіна магчымасцяў ды інавацыяў». 15 фіналістаў конкурсу бясплатна скіруюцца ў Маскву і возьмуць удзел у праекце «Медыяшкола для суайчыннікаў» у межах праграмы культурна-адукацыйных паездак «Рассупрацоўніцтва» «ЗдравствуйРоссия». Таксама запрашаюць падаць заяўку на Міжнародны фестываль развіцця турызму, культуры і адукацыі «I love Russia – 2024». Заманьваюць разнастайнымі праграмамі ў галіне гісторыі, культуры і спорту Расеі, але, што найважней, грантамі, якія там, зразумела, вышэйшыя, чымся можа прапанаваць Беларусь.

Расея перацягвае таленавітую моладзь з Беларусі ў сваю краіну праз настойлівую рэкламу «Дзён адчыненых дзвярэй у ВНУ» ці праграмамі «Новае пакаленне». А Расейскі дом у Горадні часта падкрэслівае, што дапамагае рэалізоўваць патэнцыял моладзі. Яны ўсе называюць нашую краіну «Белоруссией», а дыялогавыя пляцоўкі альбо расейска-беларускія, альбо толькі расейскія. Расейцы ў выключна беларускіх праектах бяруць удзел мінімальна. Цяпер адкрылі набор у Расейска-беларускую школу саюзных лідараў. Менавіта «саюзных», а не лідараў кожнага ва ўласнай краіне.

Расея ўкладвае грошы і мае права дыктаваць свае ўмовы. Тым больш калі Беларусь дазваляе рабіць з яе грамадзянамі ўсё што заўгодна. Такога Расейскія дамы не будуць прасоўваць нават у афрыканскіх краінах, куды актыўна прабіваюцца. Не гаворачы ўжо пра тое, каб весці падобную дзейнасць у Берліне, Варшаве ці Афінах. А ў Беларусі – калі ласка!

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў