Святлана Ціханоўская выступіла на Еўрапейскім форуме Вахаў па асабістым запрашэнні аўстрыйскага канцлера Себасцьяна Курца.
Пад час форуму Ціханоўская звярнулася да ўдзельнікаў з такімі словамі: «Рэжым ператварае нашу краіну ў турэмны лагер» і заклікала сусветных лідараў падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў і іх сем’і, незалежныя СМІ і праваабаронцаў, а таксама расследаваць злачынствы рэжыму і ўзмацніць ягоную эканамічную ізаляцыю.
Таксама беларуская лідарка прапанавала развіваць агульны План дапамогі ЕЗ, распрацоўваць нацыянальныя планы для падтрымкі дэмакратычнай Беларусі і правесці канферэнцыю па вырашэнню крызісу ў Беларусі падчас G7 і Саміта ўсходняга партнёрства.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што трэба не дапусціць гандлю палітвязнямі і памятаць, што вырашыць крызіс можна толькі правядзеннем новых сумленных выбараў.
Акрамя выступу на форуме 12 чэрвеня, Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Берліне.
Пад час канцэрту і мітынгу, якія зладзіла дыяспара, Святлана Ціханоўская і Таццяна Хоміч атрымалі пашпарты вольнай Беларусі з рук амбасадара альтэрнатыўнай амбасады Тараса Сякеркі. Таксама пашпарт атрымала і Марыя Калеснікава, якая зараз знаходзіцца ў зняволенні.
Мастак Зміцер Чарткоў падрыхтаваў інсталяцыю з самалётам і ўнітазам у форме галавы Лукашэнкі.
Мастачка Валерыя падарыла Таццяне Хоміч партрэт ейнай сястры Марыі Калеснікавай выкананы ў тэхніцы тэйпарт.
АД, belsat.eu