Берасцейскі кіроўца Міхаіл Сідарэнка, які расказваў пра праблемы ў мясцовым аўтапарку і быў звольнены, з пятніцы знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Мужчыну затрымалі ў дзень пачатку судовага працэсу аб ягоным узнаўленні на працы, паведамілі крыніцы «Белсату».
У Берасці затрымалі кіроўцу Міхаіла Сідарэнку, які праз суд намагаецца ўзнаўлення на працы ў мясцовым аўтапарку. Гэта адбылося ў пятніцу, 10 лютага, у дзень пачатку працэсу ў судзе Маскоўскага раёну гораду. Актывіста пасадзілі ў ІЧУ на трое содняў. Паводле якога артыкулу, пакуль не вядома.
Сёння ў Telegram-канале Сідарэнкі з’явілася публікацыя пра тое, што ён «жывы і здаровы» і што вызваліцца ў панядзелак:
«Сябры, не хвалюйцеся: я жывы, здаровы, знаходжуся на забеспячэнні дзяржавы ў ІЧУ. У панядзелак выйду і пра ўсё распавяду».
Сідарэнка вядомы пад нікам «Барадач». Ён распавядаў пра праблемы ў берасцейскім аўтапарку, а пасля звальнення крытыкаваў мясцовыя ўлады.
Як паведамлялася, яго звольнілі разам з кіраўніцтвам аўтапарку: дырэктарам Ігарам Царуком і ягоным намеснікам Паўлам Забаўскім.
СА belsat.eu