У гэтыя дні «Белсат» адзначае 16-годдзе. Апошні год быў даволі цяжкі: вайна ва Украіне і рэпрэсіі ў Беларусі, эміграцыя і пашпарты, ядравая зброя і вагнэраўцы, «ЧВК Редан» і ЦЭ… Згадваем галоўныя навіны, пра якія мы пісалі ў 16-ы год працы.
У 2023 годзе мы бачылі пагрозу ўступлення войскаў Беларусі ў вайну ва Украіне – абмяркоўвалі гэта з пачатку да канца года. Пагроза выглядае цяпер не самаю вострай, але мы на ўсялякі выпадак расказвалі, як не трапіць у войска.
Мы спрабавалі зразумець вынікі пастаянных перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, ацэньвалі расейскі план паглынання Беларусі, стасункі Лукашэнкі з Кітаем («Вялікі камень» аказаўся не такім вялікім), ягоную цікаўнасць да Зімбабвэ, склалі вялікую мапу сяброў і несяброў Лукашэнкі, спіс ягоных прыхільнікаў у Еўропе.
Глядзелі і на стасункі беларусаў з украінцамі ды беларускіх палітыкаў з украінскімі, на дачыненні з Польшчаю, Літвой і Латвіяй, Грузіяй. Тлумачылі, хто ў расейскай апазіцыі ды як Расея змянілася за год вайны. Згадвалі, як пуцінізм ледзь не прыйшоў у Расею 1993 года. Расказвалі пра пагрозу закрыцця межаў і пра міграцыйны крызіс, куды і як яшчэ можна з’ехаць, пра чэргі на мяжы і статыстыку выдачы візаў.
У 2023 годзе ў Беларусі мянялася палітычная сістэма, праўладная «Белая Русь» сталася партыяй, а апазіцыйныя партыі былі забароненыя. Глыбей укараніўся культ асобы, стаў бачны курс на таталітарызм, СССР пайшоў у наступ на постсавецкую краіну. Для абароны Лукашэнкі збіралі «народнае апалчэнне», а Камітэт дзяржаўнай бяспекі пужаў «тэрарыстамі» (ды нібыта забіты КДБ «тэрарыст» аказаўся жывым супрацоўнікам КДБ – і гэта была не першая такая «сенсацыя Лукашэнкі»). Мы аналізавалі прапаганду ў тэлебачанні, на білбордах і ў школах. Тлумачылі, як размаўляць з ахвярамі гэтай прапаганды.
Выбары-2024 у Беларусі маюць прайсці як пры ваенным становішчы, апазіцыя хоча супрацьпаставіць ім свабодныя выбары ў Каардынацыйную раду. Мы тлумачылі, што такое Каардынацыйная рада, і расказвалі, як яна слухала Аб’яднаны пераходны кабінет. Намалявалі схему структуры дэмакратычных сілаў вакол абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. Перадавалі, якую Кабінет мае Стратэгію нацыянальнага адраджэння і якія кірункі развіцця Беларусі бачаць эксперты.
Пабывалі і на канферэнцыі «Новая Беларусь», і на канферэнцыі палка Каліноўскага, з якім гэтак і не стварыў Рады бяспекі Зянон Пазняк. Расказвалі пра раскол у «BYPOL» і скандал вакол варшаўскага «Моладзевага хабу». Выслухалі крытыку Кабінету ад Валера Цапкалы. Урэшце разбіраліся, ці раз’яднаная апазіцыя.
Мы пісалі і пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі, і пра спробы прыцягнуць яго да адказнасці (мо нават атрымаецца здабыць ордар на арышт Лукашэнкі, як на Пуціна), і пра тое, чаму суд апраўдаў экс-спецназаўца, які прызнаўся ў суўдзеле ў палітычных забойствах.
Натуральна, мы расказвалі і пра вайну ва Украіне: пра баі за Бахмут, за Такмак, за Клішчыеўку, за Аўдзееўку, пра падрыў Кахоўскай ГЭС, пра прарыў у Белгародскую вобласць і падрыў цягніка ў Бранскай вобласці Расеі. Нарэшце апублікавалі рэпартаж з Кіева за дзень да вайны, які адкладвалі на год з меркаванняў бяспекі. Разбіраліся, якой зброі бракуе Украіне, якія ёй дастануцца танкі і самалёты, якімі ракетамі страляе Расея і якімі дронамі карыстаецца Украіна (і якімі дронамі цяпер нельга карыстацца ў Беларусі).
Украіна чакала контрнаступу яшчэ з вясны, ды пад канец года баявыя дзеянні зайшлі ў тупік: сярод іншага мы пыталі, як гэта перажываюць украінцы, і аналізавалі, ці ёсць канфлікт паміж прэзідэнтам Украіны і галоўнакамандуючым Збройнымі сіламі.
Контрнаступ сёлета пачаўся адкуль не чакалі: на Маскву пайшлі «маршам справядлівасці» баевікі расейскай Групы Вагнэра, але раптоўна спыніліся і пагадзіліся на выгнанне ў Беларусь, дзе ім пабудавалі лагер. Лукашэнка апавядаў, што ўгаворваў лідара баевікоў Яўгенія Прыгожына матам і гарантыямі бяспекі, ды пасля загадкавай смерці Прыгожына гарантыі бяспекі адклікаў. Мы разбіраліся, што з вагнэраўцамі было пасля гэтага.
Паралельна з вагнэраўцамі беларусам, падобна, дасталася расейская ядравая зброя: разбіраліся, што гэта значыць і ці станецца Беларусь мішэнню. А пакуль Расея раскідвалася ядравымі пагрозамі, мы глядзелі на мапы, на якіх няма Расеі, і ацэньвалі пагрозы ды патрэбу АЭС у Беларусі, выслухалі аргументы за «мірны атам».
Для Беларусі пакуль не відаць хэпі-энду, але мы шукалі, як ён можа прыйсці. Глядзелі на сацыялогію, у якой усё не так кепска. Ацэньвалі гатовасць дэмакратычных сілаў да смерці Лукашэнкі, бо ў канцы вясны Лукашэнка знік – шмат хто пра ягоную смерць стаў задумвацца (можаце прайсці тэст і праверыць, ці ведаеце, што мае быць пасля Лукашэнкі паводле закону). Мы таксама расказвалі, як паміралі дыктатары, як у Беларусі даюць прытулак зрынутым аўтакратам і як немагчыма даказаць, што дыктатар жывы.
Пакуль жа Лукашэнка застаецца ва ўладзе, у Беларусі трываюць катаванні за «жоўтую бірку» і за антываенную пазіцыю. Судзяць нобэлеўскага лаўрэата, абрываюць сувязь са зняволенымі. Затрымліваюць і медыяперсонаў, і кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. А дэмакратычныя сілы ўсё яшчэ не бачаць добрых шляхоў вызвалення палітвязняў.
Мы пісалі і пра маштабы рэпрэсіяў, і пра маштабы салідарнасці, бралі ўдзел у марафоне, на якім беларусы сабралі больш за паўмільёна еўраў на дапамогу палітычным вязням (гэтую дапамогу ўжо пачалі раздаваць). Згадвалі загінулых за час Лукашэнкі і загінулых за Украіну, расказвалі пра новых ахвяраў рэпрэсіяў і вайны, як то пра Алеся Пушніна і Міраслава Лазоўскага.
Расказвалі і пра эканоміку Беларусі: пра павышэнне падаткаў і пра стан рэгіёнаў, пра рост цэнаў на прадукты і на адукацыю, пра масавы збой касавых апаратаў і пра ўтойванне статыстыкі. Параўноўвалі з суседзямі цэны на прадукты ў крамах і на рынках, а таксама цэны на кватэры. Глядзелі на аўтарынак і сферу турызму, ацэньвалі памеры гандлёвых сетак Беларусі.
Назіралі, як у Беларусі дэградуюць медыцына і адукацыя – і расказвалі, што варта ведаць пра працаўладкаванне і адукацыю за мяжою. Тлумачылі, чаму стаяць чэргі ў школу ў Новай Баравой і як змяніліся правілы ўступнай кампаніі, якія прывялі да скандалу з цэнтралізаваным экзаменам (ЦЭ).
Мы расказвалі пра перспектывы зняцця санкцыяў з беларускага калію і пра малую эфектыўнасць дзейных санкцыяў, а таксама палічылі ў чызбургерах, як санкцыі ўдарылі па заробках на дзяржаўных прадпрыемствах. Рэжым Лукашэнкі звык да тых санкцыяў і знайшоў схемы абыходу – мы тлумачылі, да чаго тут Іран і Венесуэла. Расказвалі і пра іншыя выкрыцці расследавальнікаў, у тым ліку пра новы раскошны палац Лукашэнкі.
Пісалі і пра палітыку іншых дзяржаваў: пра выбары ў Турэччыне, Польшчы і Аргентыне (сёлета правыя перамагаюць левых), пра новага караля Брытаніі ды папярэдняга Папу Рымскага, аб пратэсты ў Еўропе і нават у Гватэмале, пра страйк польскіх дальнабойнікаў і спрэчкі пра ўкраінскае збожжа. Віталі Фінляндыю ў NATO і разважалі пра вынікі саміту NATO для Беларусі.
Расказвалі пра крызіс у Нагорным Карабаху і наступствы перамогі Азербайджану, пра пераварот у Нігеры і афрыканскі пас пераваротаў, пра пагрозу вайны ў Гаяне, пра напад тэрарыстаў на Ізраіль, перспектывы перамогі над «Хамасам» і пра стасункі Лукашэнкі з Ізраілем і Палестынаю, пра лёс мірных жыхароў сектару Газа і пра ўступленне ў вайну хусітаў, пра антысеміцкія пагромы ў Расеі.
Вядома, мы расказвалі пра жыццё беларусаў у выгнанні, пыталі пра чаканні і рэальнасць эміграцыі, завітвалі ў госці да беларусаў у розныя гарады, як то ў Львоў і Клайпеду.
Тлумачылі, што рабіць з адмоваю выдаваць пашпарты за мяжой ды іншымі перашкодамі эмігрантам ад Лукашэнкі, папярэджвалі пра затрыманні па вяртанні на радзіму. Разбіраліся з правіламі відаў на жыхарства, «blue card» і «жэнеўскіх пашпартоў», з праблемамі ў палётах лоўкостамі з «незнаёмымі» дакументамі. Працягваем чакаць пашпарт Новай Беларусі.
Сёлета мы размаўлялі з беларускімі ваярамі і ўцекачамі, былымі палітвязнямі, праваабаронцамі, гісторыкамі, святарамі, урбаністамі (паглядзіце, што можна зрабіць з Кастрычніцкаю плошчай у Менску, дзе ўлады задумалі паставіць помнік безыменнай жанчыне), з экс-амбасадарам Польшчы і з генеральным сакратаром NATO, нават з беларускім чэкістам. Разбіраліся з пагрозамі коміку і мадэлі «OnlyFans», лукашэнкаўскім чыноўнікам і злачынцам, са страхамі Лукашэнкі.
Размаўлялі пра беларускую музыку і пра «Еўрабачанне», пра кіно і пра тэатр (беларускі тэатр, дарэчы, уганаравалі ордэнам Брытанскай імперыі), пра мастацтва і пра літаратуру, пра фактычную адмену аўтарскага права ў Беларусі. Пісалі пра Алімпійскія гульні і «гульні аўтакратаў», пра футбол, гандбол і тэніс.
Сачылі за развіццём нейрасетак (яны маюць з’явіцца ў «Новай Беларусі») і за паходжаннем «беларускага» ноўтбука. Расказвалі, як вучыць беларускую мову праз мабільныя праграмы і як яе вывучаюць нейрасеткі. Пыталі, як бяспечна карыстацца Telegram і відэасувяззю. Тлумачылі, што ў разуменні ўладаў «экстрэмізм», і расказвалі, як яго знайшлі ў творы XIX стагоддзя.
На «Белсаце» вы маглі пачытаць і пра рэальныя рэлігійныя секты, і пра фантомны «ЧВК Редан». І пра сала, і пра грыбы.
І гэта толькі тэксты на сайце «Белсату», не кажучы ўжо пра матэрыялы нашага тэлеканалу.
Алесь Наваборскі belsat.eu