Беларусь і Расея ўнясуць змяненні ў пагадненне аб будаванне Беларускай АЭС. Адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 346 ад 2 лістапада быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Урад Беларусі ўпаўнаважаны на правядзенне перамоваў і падпісанне ўрадавага пратаколу. Пратакол будзе часова стасавацца пасля заканчэння 10 дзён з даты яго падпісання да набыцця моцы. Яго зместу не раскрываюць.
У сваю чаргу Савет Міністраў 2 лістапада пастановай № 760 дэлегаваў паўнамоцтвы на падпісанне пратаколу міністру энергетыкі Віктару Каранкевічу.
31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расея парушыла ўмовы пагаднення аб тэрмінах увядзення ў эксплуатацыю БелАЭС, і таму беларускі бок паставіў пытанне аб кампенсацыях. З памерам кампенсацыі пакуль не вызначыліся.
У расейскай карпарацыі «Росатом» у адказ паведамілі, што затрыманне будавання Беларускай АЭС адбылося праз пандэмію і «ўзмацненне вонкавапалітычнага становішча з ростам санкцыйных рызыкаў».
Якуб Хруст belsat.eu