Ваенны эксперт: ЗША падчас саміту NATO паабяцалі Украіне тое, што ўжо было паабяцана


У Вашынгтоне з 9 па 11 ліпеня праходзіць 75-ы саміт NATO, на якім шырока абмяркоўваецца «ўкраінскае пытанне». Падчас першага дня саміту Джо Байдэн паабяцаў дадатковую дапамогу Украіне з боку хаўруснікаў у выглядзе пяці комплексаў СПА. Брытанскі прэм’ер Кір Стармер заявіў, што Украіна можа сама вырашаць, як выкарыстоўваць дальнабойныя ракеты «Storm Shadow», што абазначае дазвол біць імі па расейскай тэрыторыі. Як гэта можа змяніць сітуацыю на фронце? «Белсат» спытаў аб гэтым дырэктара даследчага цэнтру «New geopolitics research network» Міхаіла Самуся.

Джо Байдэн падчас прамовы на адкрыцці 75-га саміту NATO 10 ліпеня 2024 года.
Фота: Artem Priakhin / Zuma Press / Forum

На самай справе ўзнікае пытанне аб тым, што ж паабяцаў Джо Байдэн, адзначае Міхаіл Самусь. Бо выглядае на тое, што ён паабяцаў тое, што было ўжо паабяцана – ад еўрапейцаў. З боку ЗША ў гэтым пытанні няма ніякага прарыву.

Так, ёсць абяцанне паставіць іспанскі супрацьпаветраны комплекс, чаго раней не было, бо іспанцы да апошняга моманту пазбягалі паставак установак «Patriot» і пастаўлялі толькі ракеты.

«Але і самі Злучаныя Штаты чамусьці ўтрымліваюцца ад паставак «Patriot», хаця маюць іх ва ўзброеных сілах дзясяткі, а на складах – сотні. Пакуль цяжка патлумачыць, з чым звязана такая пазіцыя адміністрацыі Байдэна. Таму я б не казаў пра нейкае радыкальнае змяненне падыходаў нават у колькасці [установак СПА, якія збіраюцца перадаць]. Я б не сказаў, што гэта быў нейкі прарыў, ці, як сказаў Байдэн, гістарычнае рашэнне», – адзначыў суразмоўца.

Міхаіл Самусь адзначае, што сёння патрэбная змена канцэптуальных падыходаў, а якраз гэтага, на жаль, і не адчуваецца – ні з боку адміністрацыі Байдэна, ні ў атмасферы саміту NATO.

Суразмоўца выказаў упэўненасць, што запрашэння Украіны ў NATO падчас саміту не будзе (сапраўды, прэм’ер Нарвегіі афіцыйна пацвердзіў, што Украіне падчас саміту не паступіць прапановы па ўступленні ў Альянс), а значыць, яна застанецца пакуль у шэрай зоне.

Другі важны момант, на які звярнуў увагу суразмоўца, гэта тое, што пакуль няма рашэння уласна ЗША з нагоды ўдараў па тэрыторыі Расеі. А менавіта яны з’яўляюцца лідарам. Так, Вялікая Брытанія дала дазвол на выкарыстанне ракет «Storm Shadow» па расейскай тэрыторыі, так, хутка з’явяцца на ўзбраенні Украіны самалёты F-16, якія пастаўляюцца з еўрапейскіх краін, але, паводле законаў экспартнага кантролю, Злучаныя Штаты павінны даць дазвол выкарыстоўваць іх для ўдараў па тэрыторыі РФ. «І гэта зноў праблема», – кажа эксперт.

У звязку з гэтым сэнс перадачы ўзбраенняў, калі пры гэтым іх забараняюць выкарыстоўваць, губляецца.

«А мы губляем час, губляем дзяцей, губляем людзей і салдат і г.д. Таму самага галоўнага я асабіста пакуль не пачуў», – адзначыў Міхаіл Самусь.

У адрозненне ад Злучаных Штатаў, еўрапейскія хаўруснікі, такія як Польшча, Нямеччына, Нідэрланды, Францыя, Вялікая Брытанія, добра разумеюць, што няма сэнсу забараняць Украіне ўдары па тэрыторыі Расеі, паколькі Украіна прытрымліваецца міжнароднага права. У адваротным жа выпадку выходзіць, нібыта ва Украіны стрымліваюць адну руку за спінай, не дазваляючы эфектыўна адбіваць атакі, падобныя на тыя, што былі ў бок Харкава. Бо менавіта тады Пуцін спадзяваўся, што паўгадовы перапынак у пастаўках заходняй зброі ва Украіну дазволіць Расеі зрабіць прарыў у гэтым напрамку.

Але як толькі Украіне дазволілі біць па тэрыторыі Расеі, сітуацыя адразу ж змянілася, кажа Міхаіл Самусь, асабліва ў Сумскай вобласці. Бо як толькі расейцы пачалі там фармаваць нейкія групы войскаў, Украіна змагла іх разбіць, і Расея адмовілася ад ідэі наступлення.

Такое ж рашэнне, адзначае ваенны эксперт, трэба стварыць па ўсёй мяжы Расеі і Украіны, а ў прынцыпе «трымаць у галаве і беларускую мяжу», бо правакацыі могуць быць у любы момант.

«Там [на беларускім напрамку] Украіна будуе фартыфікацыі, але трэба разумець, што ў любы момант Расея можа справакаваць яшчэ адзін актыўны ўчастак, каб Украіна расцягвала свае рэзервы», – адзначыў Міхаіл Самусь.

Аналітыка
Чаго чакаць ад саміту NATO у Вашынгтоне?
2024.07.09 09:18

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў