Што можна набыць у беларускай краме: гарбату з цвіллю, цацкі з фармальдэгідам і сасіскі з фекальнымі забруджваннямі


Пасля ўвядзення санкцый імпартныя прадукты сапраўды добрай якасці на беларускія прылаўкі сталі трапляць значна радзей. Ільвіная доля такой прадукцыі сёння – тавары з Расеі, а калі гаворка ідзе пра гародніну і садавіну, то часцей за ўсё іх прывозяць з Азіі. Як паказвае практыка, купляць і спажываць гэтыя тавары становіцца ўсё небяспечней для здароўя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Кішачную палачку знайшлі нават у сасісках «Франкфурцкія» Жлобінскага мясакамбіната . Пра гэта на сваім сайце паведамілі супрацоўнікі Гомельскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Усю партыю сасісак з датай вырабу 5 чэрвеня канфіскавалі з продажу.

Дарэчы, кішачная палачка з’яўляецца адным з відаў фекальных бактэрый. Патрапіўшы ў арганізм чалавека, яны здольныя правакаваць паталогіі. Часцей за ўсё яны выклікаюць кішачную інфекцыю, якая суправаджаецца моцнай дыярэяй. Пры несвоечасовым лячэнні такой паталогіі чалавек можа атрымаць гемалітыкаурэмічны сіндром, які вядзе да захворвання нырак.

Такая знаходка ў беларускіх прадуктах, пра якія звычайна прынята казаць альбо вельмі добра, альбо ніяк, сведчыць аб парушенняі патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў па вытворчасці і маркіроўцы прадукцыі. Што самае цікавае, інфармацыю аб гэтым парушэнні супрацоўнікі Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі чамусьці схавалі ў раздзеле «Імпартная прадукцыя, якая не адпавядае гігіенічным патрабаванням». Дарэчы, там жа пазначана, што толькі ў ходзе апошніх праверак у беларускіх крамах выявілі буракі з Узбекістану ўраджаю 2024 года з павышаным утрыманнем нітратаў, замарожаную сумесь гародніны «Мексіканскую» і «Гавайскую», вітамінную сумесь «Фарбы лета» расейскай вытворчасці, якія не адпавядаюць устаноўленым патрабаванням бяспекі па мікрабіялагічным паказчыку.

Шкоднымі для здароўя аказаліся нават папяровыя сурвэткі і фальга расейскай вытворчасці. У спісе іншых тавараў, у складзе якіх цягам апошняга часу былі знойдзеныя парушэнні патрабаванняў бяспекі, была чорная байхавая гарбата з цвіллю, нітратныя капуста і кавуны і нават дзіцячыя цацкі і фарбы для малявання з фармальдэгідам, які можа ўздзейнічаць нават на генетычны матэрыял, рэпрадуктыўныя органы, дыхальныя шляхі, скуру і вочы чалавека.

Надзея Вольная / belsat.eu

Стужка навінаў