Латушка пра мяжу: Лукашэнку далі сігнал, але шмат чаго цяпер залежыць ад Кітаю


Польшча 10 ліпеня калі не спыніла, то істотна замарудзіла пропуск грузавых машынаў праз «Казловічы – Кукурыкі». Паводле польскага боку, гэта звязанае з больш дбайным правяраннем праз пашырэнне санкцыяў. Павел Латушка кажа «Белсату», што тое ёсць сігналам кіраўніцтву Беларусі.

Павел Латушка.
Фота: Belarus-nau.org

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў, што з 3:00 10 ліпеня Польшча не прымае грузавыя транспартныя сродкі, якія едуць з Беларусі праз пераход «Казловічы – Кукурыкі». Прадстаўніца Скарбовай адміністрацыі Польшчы растлумачыла «Белсату», што машынаў не перасталі прапускаць, але працэс запаволіўся праз правяранне грузаў у сувязі з пашырэннем санкцыяў Еўразвязу.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, прадстаўнік у пытаннях транзіту ўлады і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў каментары «Белсату» кажа, што гэта можа быць сігналам Аляксандру Лукашэнку:

«Польшча пачала рэалізоўваць ультыматум, які выставіла рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з міграцыйным крызісам, што ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі, пачынаючы з 2021 года, – лічыць Латушка. – Напачатку быў прыпынены рух на чыгуначным памежным пераходзе „Малашэвічы“, цяпер – на грузавым тэрмінале „Казловічы – Кукурыкі“».

На думку Латушкі, Польшча паказвае сваю рашучасць у жаданні спыніць штучны міграцыйны крызіс, але можа ставіць дадатковыя ўмовы. Напрыклад, патрабаваць вызвалення аднаго з лідараў польскай этнічнай меншасці – палітвязня Анджэя Пачобута.

Але вельмі шмат будзе залежаць ад пазіцыі Кітаю, які зацікаўлены ў прасоўванні тавараў праз беларускую мяжу ў Еўразвяз, упэўнены Латушка. Паводле яго, гэтая краіна ўжо дала адпаведны сігнал рэжыму Лукашэнкі, каб той «высветліў, растлумачыў, што адбываецца на мяжы».

Пра гэтае, як кажа лідар НАУ, была гутарка паміж Лукашэнкам і кіраўніком Кітаю Сі Цзінь Пінам на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Астане. Таксама падобную размову з Сі меў і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас візіту ў Пекін. Пазней у Кітай выправіўся новы міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў. Латушка не выключае, што той таксама закрануў гэтае пытанне.

«Кітай, наколькі можна зразумець, пакуль не прыняў канчатковай пастановы, – кажа Латушка. – Але менавіта ад пазіцыі Кітаю шмат у чым будзе залежаць далейшае развіццё сітуацыі».

Польскі бок, паўтарае палітык, «рэалізуе ўльтыматум і закрывае памежныя грузавыя пераходы». Але закрыццё памежных пераходаў можа прывесці да значных эканамічных стратаў для рэжыму Лукашэнкі толькі пры сітуацыі, калі будуць закрытыя менавіта ўсе грузавыя памежныя пераходы паміж Беларуссю і Польшчай, а не толькі для фураў ці толькі для цягнікоў.

«Мы заўсёды выступалі і працягваем выступаць за працяг дзейнасці памежных пераходаў для людзей», – нагадаў Латушка.

Раней міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заяўляў пра магчымасць закрыцця таварных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю: Польшча «не выключае ніякіх варыянтаў», а асноўныя патрабаванні – выхад на волю палітвязня Анджэя Пачобута і спыненне штучна створанага міграцыйнага крызісу. Апрача таго, і міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк казаў пра мяжу: «усё цяпер на стале», магчымыя любыя варыянты. На тле гэтых выказванняў мігранты пачалі часцей ісці з Беларусі ў Латвію замест Польшчы.

Аналітыка
Асцярожна, межы закрываюцца. А што, калі Польшча ўсё ж зачыніць пераходы на мяжы з Беларуссю?
2024.06.27 10:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў