Польшча істотна павялічвае колькасць вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю


З 1 жніўня ў Польшчы пачынаецца аперацыя «Бяспечнае Падляшша», мэта якой – падтрымаць на мяжы з Беларуссю Памежную ахову сіламі Войска Польскага. Пра гэта 10 ліпеня на супольнай прэс-канферэнцыі паведамілі намеснікі міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык і Павел Бэйда, а таксам кіраўнік Генеральнага штабу Войска Польскага Веслаў Кукула, піша PAP.

Вайсковыя польскай памежнай службы каля мяжы Польшчы і Беларусі. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Цэзары Томчык адзначыў, што дагэтуль на польска-беларускай мяжы праводзіліся розныя аперацыі, якімі кіравалі розныя камандзіры. Цяпер жа вырашана стандартызаваць гэты працэс і зрабіць яго больш аднастайным.

Павел Бэйда паведаміў, што адным з элементаў аперацыі з’яўляецца павелічэнне колькасці вайскоўцаў на мяжы да 17 тыс. Вядзецца пра 8 тыс. вайскоўцаў, якія служаць непасрэдна на мяжы (цяпер 6000) і 9 тыс. у рэзерве.

«Калі што-небудзь здарыцца на мяжы, гэтыя 9 тысяч вайскоўцаў на працягу 48 гадзін выйдуць на мяжу з усёй тэхнікай і ўзбраеннем, каб яе абараняць. Гэта будуць сілы хуткага памежнага рэагавання», – сказаў ён.

Адначасова плануецца набыць для аховы мяжы 150 баявых бронемашын. Бэйда таксама анансаваў лепшую разведку мясцовасці і магчымых пагроз, у тым ліку з дапамогай спадарожнікаў і самалётаў ранняга папярэджання.

Намеснік міністра абароны таксама паведаміў аб паскарэнні аснашчэння вайскоўцаў індывідуальнай экіпіроўкай, каб «яны мелі поўны камфорт службы». Ён дадаў, што тэхніка, якая ўжо адпраўлена на мяжу, уключае больш за 7,2 тыс. бронекамізэлек і 150 гладкаствольных стрэльбаў. У будучыні гэты спіс будзе пашыраны сучаснымі каскамі, апаратамі начнога бачання, тэрмабялізнай і абуткам.

Нагадаем, што Польшча, Літва, Латвія і Эстонія заклікалі Еўразвяз узвесці абарончыя лініі на мяжы з Расеяй і Беларуссю. Такое будаўніцтва можа абысціся ў 2,5 млрд еўраў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў