Пасля расследавання Беларускага даследчага цэнтру з пасады знялі кіраўніка Цэнтру выдачы асабістых дакументаў Літвы


Кампанія «Garsų pasaulis», што друкавала бланкі дакументаў для літоўцаў і была абраная для друку пашпартоў «Новай Беларусі», аказалася звязанай з фірмай «GP Holographics» і набліжаным да Лукашэнкі бізнесоўцам Віктарам Шаўцовым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Назва расследавання – «Пашпарт «Новай Беларусі» і стары «гаманец»Лукашэнкі» . Журналісты-расследвальнікі высветлілі, што раней

«Garsų pasaulis» ужо была ўцягнутая ў карупцыйныя скандалы ў Кыргызстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове. Цяпер правяранне ў дачыненні яе вядуць адначасова Служба расследавання фінансавых злачынстваў і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Вынікам праверкі можа стаць ануляванне кантракту «Garsų pasaulis» з літоўскім МУС. Дарэчы, з 2014 года гэтая кампанія  выйграла ўсе тры тэндары на выраб бланкаў пашпартоў у Літве, апошні з якіх быў у 2022 годзе на суму больш за 30 млн еўраў.

У дадатак да ўсяго яна аказалася звязанай з набліжаным да Лукашэнкі бізнесоўцам Віктарам Шаўцовым. Як паведамляе літоўскае выданне «15min» са спасылкай на свае крыніцы, Нерыюс Рудайціс, які ўзначальваў Цэнтр выдачы асабістых дакументаў Літвы (ADIC), пасля публікацыі расследавання быў адхілены ад пасады.

Паводле намесніка міністра ўнутраных справаў Літвы Агнеты Ладэк, у выніку скасавання кантракту з «Garsų pasaulis» МУС разгледзіць альтэрнатыўныя варыянты друку дакументаў і ўлічыць досвед Польшчы і Нямеччыны, дзе пашпарты вырабляюць дзяржаўныя кампаніі.

Надзея Вольная / belsat.eu

Стужка навінаў