У Празе затрымалі мужчыну за спробу тэракту па заданні Расеі


8 чэрвеня ў Празе затрымалі іншаземца, якога абвінавачваюць у спробе падпаліць аўтобусы ў дэпо. Яму можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.

Прага, Чэхія.
Фота: Aron Molnar / pixabay.com

Падазраваным аказаўся 26-гадовы мужчына, які прыехаў у Прагу з Паўднёвай Амерыкі за некалькі дзён да затрымання, пра гэта паведаміў прэм’ер-міністр краіны Пэтэр Фіяла, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на выданне «Denik».

У пятніцу, 7 чэрвеня, паліцыя гораду абвесціла мужчыну ў вышук, а ў суботу павысіла ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў грамадскіх месцах, асабліва на аўтобусных і чыгуначных вакзалах, гандлёвых цэнтрах і іншых месцах, у якіх традыцыйна засяроджана шмат людзей.

Падчас прэс-канферэнцыі, якая праводзілася па выніках пасяджэння Дзяржаўнай рады бяспекі, прэм’ер-міністр Пэтэр Фіяла адзначыў, што арыштаваны мужчына сапраўды спрабаваў падпаліць аўтобусы грамадскага транспарту ў Празе, але не завершыў свайго намеру.

За тэракт маладому чалавеку пагражае выключнае пакаранне, у тым ліку пажыццёвае зняволенне.

Пэтэр Фіяла адзначыў, што гэта можа быць часткай гібрыднай вайны і за нападам, хутчэй за ўсё, стаіць Расея. Чэскі прэм’ер дадаў, што падобныя атакі могуць адбыцца па ўсёй Еўропе, і адной з мішэняў з’яўляецца Чэхія.

«Мы прывыклі, што расейскія атакі былі ў асноўным гібрыднымі, засяроджанымі на ІТ-інфраструктуры. Цяпер мы падыходзім да стадыі, калі гэта можа прымяняцца і да фізічных аб’ектаў», – дадаў чэскі прэм’ер.

Нагадаем, што ў траўні ў Польшчы былі арыштаваныя дзевяць чалавек, якіх абвінавачваюць у дыверсіях і падпалах на тэрыторыі краіны, здзейсненых на ўказанне Масквы. Сярод затрыманых былі грамадзяне Польшчы, Украіны і Беларусі.

Два беларусы, затрыманыя як дыверсанты, паводле польскіх уладаў, падазраюцца ў падпалах аб’ектаў у Гдыні і Марках пад Варшавай, а таксама ў спробе падпалу аб’екту ў Гданьску.

Hавiны
«BYPOL» высветліў асобу другога беларуса, якога падазраюць у дыверсіях у Польшчы
2024.06.06 11:33

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў