Пяцёра на лаве падсудных у Магілёве і ліквідацыя аб’яднання каратыстаў


«Белсат» вядзе штодня сумную хроніку рэпрэсій, якія не сціхаюць у Беларусі ўжо каторы год.

6 чэрвеня Віцебскі абласны суд ліквідаваў Віцебскае моладзевае грамадскае аб’яднанне «Клуб баявых мастацтваў “Поспех”». Справу аб ліквідацыі ініцыявала кіраўніцтва Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскаблвыканкама. У арганізацыі налічвалася каля 80 сяброў, якія развівалі напрамак баявых адзінаборстваў каратэ-до.

Віцебскае моладзевае грамадскае аб’яднанне «Клуб баявых мастацтваў “Поспех”».
Фота: Relax.by

Стала вядома, што актывіста Яўгена Афнагеля, асуджанага на 7 гадоў калоніі, пасля адбыцця пакарання ў магілёўскай турме № 4 (пасля ўзмацнення рэжыму) зноў перавялі ў наваполацкую калонію № 1. Вядома, што адразу па прыбыцці ў калонію яго пазбавілі перадачы і спаткання. Ужо месяц ад яго няма ні лістоў, ні званкоў. Блізкія палітвязня мяркуюць, што яго змясцілі ў ШІЗА.

Назіральніцу за выбарамі 2020 года Гражыну Гетка арыштавалі на 10 содняў. Па якім абвінавачанні – невядома. Затрымалі жанчыну яшчэ 5 чэрвеня. Вядома, што напрыканцы зімы яе ўжо затрымлівалі, тады ёй прызначылі 25 содняў арышту.

Следчы камітэт распачаў спецвядзенне ў дачыненні да Генадзя Капітанава — яго збіраюцца судзіць завочна паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы»), ч. 3 арт. 361 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Менску.

10 чэрвеня стала вядома пра затрыманне жыхара Берасця. Відэа з затрыманнем з’явілася ў канале сілавікоў: на ім мужчыну затрылміваюць дзесяць чалавек у поўнай амуніцыі. Вінавацяць затрыманага за тое, што 10 жніўня 2020 году ён знаходзіўся на праезнай частцы сярод іншых пратэстоўцаў.

3 чэрвеня ў Берасці прайшоў суд у справе журналісткі Алены Цімашчук. Суддзя вынес ёй прысуд: 5 гадоў калоніі і штраф 46 тысячаў рублёў. Дзяўчыну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 369-1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», ч. 3 арт. 130 «Распальванне варожасці ці варажнечы» і ч. 3 арт. 361-1 «Удзел у экстрэмісцкім фармаванні».

Стала вядома пра затрыманне палітвязня Сяргея Дзяцука адразу па вызваленні з калоніі. Яго будуць судзіць за «Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» паводле 411 артыкула КК. Як стала вядома праваабаронцам, мужчына павінны быў выйсці на волю ў сакавіку, поўнасцю адбыўшы свой тэрмін. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы. Суд над ім пачнецца 20 чэрвеня ў судзе Барысаўскага раёна.

У Магілёве праходзіць суд адразу над пяццю чалавекамі, якіх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). На лаве падсудных апынуліся Андрэй Цімонін, Валерый Іўчын, Міхаіл Пішчала, Святлана Котава і Дзяніс Котаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў