Паблізу Жабінкі Берасцейскай вобласці распрацоўваюць праект цэлай вёскі для беларускіх айцішнікаў. Пра гэта паведаміў старшыня райвыканкаму Андрэй Кузьміч, перадае БелТА. Мясцовыя ўлады маюць намер павышаць інвестыцыйную прывабнасць і ствараць камфортныя ўмовы для бізнесу.
«Ільготны рэжым падаткаабкладання, наяўнасць свабодных аб’ектаў і ўчасткаў, транспартавая даступнасць – усё гэта спрыяе павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці гораду і ўсяго Жабінкаўскага раёну. Сёлета пастаноўлена надаць прэферэнцыі юрыдычным асобам, якія ёсць навукова-тэхналагічнымі паркамі і іх рэзідэнтамі, цэнтрамі трансферу тэхналогіяў», – заявіў Андрэй Кузьміч.
Паводле старшыні райвыканкаму, мясцовыя ўлады разумеюць, што важную ролю ў прыцягненні высокакваліфікаваных кадраў адыгрывае жыллёвае пытанне. У Жабінцы адзначаюцца рэкордныя тэмпы будаўніцтва шматкватэрнага ды індывідуальнага жытла.
«Тэндэнцыі апошніх гадоў дэманструюць павышэнне попыту на жытло ў сельскай мясцовасці. На выбар мясцовасці ўплываюць транспартавая даступнасць і блізкасць буйных гарадоў. Жабінкаўскі раён лічыцца экалагічна чыстым рэгіёнам, мае выгаднае геаграфічнае становішча. Гэтыя аспекты робяць наш раён прывабным для рэалізацыі праекту стварэння IT-вёскі», – упэўнены Кузьміч.
Для такога праекту ўжо падабралі зямельны ўчастак плошчаю 6 га ў межах вёскі Піліпавічы Ленінскага сельсавету. Там могуць размясціцца больш за 30 прыватных дамоў. Адлегласць да Жабінкі складае менш за 10 км, да Берасця – крыху больш за 20 км.
Алена Рувіна belsat.eu