Вы ведалі, што на тэрыторыі Польшчы Расея мае сваю нерухомасць? Пасля пачатку вайны польскія медыі пісалі, што ўлады Варшавы хочуць аддаць расейскія будынкі ўцекачам з Украіны. «Белсат» высветліў, адкуль у расейцаў свая зямля ў Польшчы і што на ёй стаіць. Падчас стварэння гэтага матэрыялу мы нечакана знайшлі ў гэтай гісторыі «беларускі след».
У 1970-х гадах польскія камуністычныя ўлады заключылі з Савецкім Саюзам дамову пра абмен зямельнымі ўчасткамі. У абмен на нерухомасць у Варшаве і яе ваколіцах Польшча мусіла атрымаць участкі такой жа плошчы ў СССР. Палякі выканалі пагадненні, другі бок – не. Цяпер Расея лічыць атрыманае часткаю сваёй тэрыторыі ды гадамі ўхіляецца ад выплаты падаткаў у мясцовы бюджэт. Польскія ўлады маюць судовае рашэнне ад 2016 года, якое прадпісвае вяртанне ёй займанай нерухомасці.
Вядомы ў Варшаве будынак – закрыты комплекс на вуліцы Сабескага, 100 – называюць шпіёнам.
Будынак пабудаваны ў канцы 1970-х на замову СССР. Комплекс нагадвае Бастылію: абнесены трохметровым плотам. З фасаду – КПП і суцэльная бетонная сцяна. Абыходзім справа: будынак абмінае канал, а зверху плота – калючы дрот, на плоце – графіці. Мясцовыя графіцісты распавялі, што злева – малюнак беларускага графіціста Змура з Берасця. У цэнтры – украінскі герб, злева – жылы комплекс, з вокнаў якога на будынак глядзіць украінскі сцяг.
Расейскаму комплексу належала быць самадастатковым: было месца для навучання дзяцей, цырульня, саўна і нават кабінет стаматолага. Пасля развалу Савецкага Саюзу комплекс мусіў апусцець. Але ў інтэрнэце мы знайшлі ролік, у якім польскі маладзён абследаваў будынак. На відэа бачныя газеты, дакументы і календары на сценах з пачатку 2000-х. Хто працягваў тут жыць, не вядома. Але цяпер будынак відавочна пусты, амаль усе шыбы выбітыя, дваравая тэрыторыя выглядае занядбанаю.
За плотам чуем шум і бачым двух мужчынаў, якія разбіраюць хлам. У цэнтры двара – закінуты фантан, у ім жанчына нешта чысціць, побач кадка з раслінаю на пасадку. Адзін з мужчынаў падыходзіць бліжэй, ён амаль не размаўляе па-польску, але кепска можа гаварыць па-расейску. І на пытанні адказвае вельмі неахвотна:
«Я нічога не ведаю. Нам загадалі ачысціць двор: прывозяць сюды раніцаю, а ўвечары забіраюць машынай. Я не магу вас пусціць, звярніцеся да беларускай амбасады…»
Удакладняем, ці правільна мы яго пачулі: будынак лічыцца расейскаю тэрыторыяй.
«Я нічога не ведаю. Можа, і расейская амбасада… Нічога не ведаю, спытайце ў прарабаў, яны туды-сюды катаюцца», – пачулі ў адказ.
Спрабуем паразмаўляць яшчэ з адным мужчынам, які праходзіць паўз КПП, але ён толькі адмахваецца і сыходзіць у двор.
«Яны нічога вам не скажуць, давайце я вам усё распавяду, – кліча нас па-польску жанчына з сабачкам. – Кожны дзень сюды прыязджае машына і вывозіць жалеза, можа, нейкая фірма вывозіць на металалом… Я не ведаю, хто гэта робіць, толькі кажу пра тое, што бачу са свайго вакна. Раней тут жылі людзі з расейскай амбасады, а потым яны з’ехалі. І нікога тут не было, нікога і не пускалі. Цяпер вось бачу, што чысцяць лямпы нейкія, прыбіраюць. Ці супраць я, каб тут жылі ўкраінцы? Жанчыны з дзецьмі, вядома ж, няхай жывуць».
Другі расейскі будынак месціцца за сем хвілінаў пешшу на Бабравецкай, 2Б. Насупраць – амбасада Паўночнай Карэі ў Польшчы.
Нам вядома, што да 2020 года, а магчыма, нават і даўжэй, «Госзагрансобственность РФ» здавала ў арэнду кватэры ў гэтым комплексе. «Белсат» зайшоў чалавека, які з 2017 да 2020 года жыў у адной з такіх кватэраў.
Юрый здымаў тут жытло, калі быў студэнтам: кошты тут, паводле яго, былі нізкія, як на варшаўскі рынак. І гэта было адзіным і важкім аргументам. Ягонымі суседзямі ў сяміпакаёвай кватэры былі 25 асобаў, якія прыехалі з Блізкага Усходу.
Камендант карыстаўся аўтамабілем на дыпламатычных нумарах і перад засяленнем Юрыя пазнаёміўся з ім: «Размаўляў з камендантам, а думаў, што са следчым вяду размову. Такія адчуванні былі», – кажа хлопец.
Юрый – выпускнік Праграмы Каліноўскага. Ён ведае, як размаўляюць беларускія следчыя.
«Я падпісаў афіцыйную дамову, дом быў не ў ідэальным стане. Вялікія кватэры, але яны не рамантаваліся з савецкага часу. Камунальныя моманты не ў найлепшым стане. Дробны рамонт яны рабілі, свой сантэхнік у іх быў – беларус, дарэчы. Мы плацілі за арэнду плюс за электрычнасць. Забаўная дэталь: таблічкі пра забарону курыць віселі згодна з законам РФ, там так напісана было.
У майго знаёмага там сагналі машыну. На паркоўцы былі камеры, а потым аказаліся непрацоўныя, вось калі машыну сагналі.
Там быў такі «савок па-багатаму» – дыхтоўная, але вельмі старая мэбля. Там жылі і працавалі вахцёры, некалькі работнікаў дыпламатычных гэтых гісторыяў выйшлі на пенсію і засталіся ў Польшчы.
Мне было самаму цікава паглядзець, што там цяпер, я паехаў тыдзень таму са знаёмым. Да нас выйшлі два дастаткова суровага выгляду ахоўнікі, дзве гарылы. І прадэманстравалі электрашокер. Яны расейскамоўныя, сказалі, што ні з кім размаўляць не будуць і каб сюды не хадзілі».
З першага погляду будынак на Бабравецкай выглядае занядбаным. Шыбы зацягнутыя белаю тканінай, а дзе-нідзе выбітыя. Але на паркоўцы стаяць аўтамабілі. Да нас выходзіць спартовага выгляду мужчына ў чорных акулярах. Ён скрыжаваў рукі на грудзях і размаўляе па-расейску.
– Скажыце: што тут цяпер?
– Пусты будынак.
– А я бачу машыны на паркоўцы.
– Тут рамонты.
– А ў інтэрнэце ёсць інфармацыя, што тут жывуць людзі.
– Вас падманулі. А вы з Менску? Я таксама мянчук, усё жыццё там пражыў.
– А цяпер тут жывяце?
– Ну як жыву, я тут працую.
– А даўно вы тут?
– Гэта ўжо не важна.
– А як думаеце: забяруць будынак [польскі бок – у Расеі]?
– Я думаю, не забяруць, ну, наўрад ці.
Абыходзім будынак справа. На шыльдзе надпіс па-расейску «Библиотека», а ў вокнах стаяць кветкі. Жывыя ці штучныя – здалёк разглядзець цяжка. На другім паверсе стаіць грыль, на паверх вышэй вісіць прасціна.
Юрый, які тут жыў раней, таксама пагадзіўся на тое, што будынак выглядае жылым.
Аліса Ганчар belsat.eu