Былы прэс-сакратар польскага МЗС: Засталася галоўная зброя – закрыццё мяжы


Уводзячы абмежаванні супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, польскія ўлады сцвярджалі, што яны павінныя ўплываць у першую чаргу на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, але не на простых беларусаў. Але факт застаецца фактам: беларусам даводзіцца чакаць на польска-беларускай мяжы ў сярэднім каля 20 гадзінаў і яны не могуць купляць і правозіць у сваю краіну некаторыя тавары, як гэта рабілі раней. Дык ці не атрымалася ўсё наадварот і ў першую чаргу ад абмежаванняў пацярпелі менавіта простыя грамадзяне, а не рэжым?

Былы прэсавы сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
Фота: PAP / Radek Pietruszka

Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з былым прэсавым сакратаром Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукашам Ясінам.

Паводле суразмоўцы, у Польшчы шмат магчымасцяў для ўводу такіх санкцыяў, якія б адчуваў менавіта рэжым Аляксандра Лукашэнкі і тыя, хто яго падтрымлівае. Але ўсе яны ўжо былі выкарыстаныя – пачынаючы ад блакавання банкаўскіх рахункаў тых, хто падтрымлівае рэжым, да эмбарга прадукцыі кампаніяў, якія працуюць на рэжым Лукашэнкі. Цяпер засталася толькі галоўнае зброя – закрыццё мяжы.

«Польскі ўрад і ўрад Еўразвязу хочуць рабіць так, каб нармальныя беларусы, якія не падтрымліваюць гэты рэжым, не адчувалі дзеяння санкцыяў. Але на мой погляд як спецыяліста, усе санкцыі будуць мець уплыў і на Лукашэнку, і на ягоны рэжым, і на нармальных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь», – адказаў Лукаш Ясіна.

Былы прэс-сакратар МЗС адзначыў, што памылка польскіх і еўрапейскіх палітыкаў заключаецца ў тым, што яны мысляць як прадстаўнікі дэмакратычных краінаў, у якіх калі нешта не задавольвае грамадзянаў, то гэта ўплывае і на палітыкаў. Магчыма, гэтую ж схему яны перакладваюць і на беларускую сітуацыю, але яны пры гэтым не разумеюць, што ў звычайных беларусаў няма ніякай магчымасці паўплываць на рашэнні Аляксандра Лукашэнкі.

У той жа час Лукаш Ясіна пагадзіўся, што гэтыя санкцыі аказваюць вялікі ўплыў і на жыхароў памежных рэгіёнаў у Польшчы, асабліва ва ўсходніх раёнах Падляскага ваяводства.

«Польскі ўрад гэта ўсё ведае і гатовы на ўсё, што паўстае ў выніку гэтых праблем. Магчыма, будзе спецыяльная дапамога для нашых людзей, якія страцяць грошы. Але паглядзім. Польшча ўжо падрыхтавалася да гэтых праблем цягам трох гадоў», – адзначыў Лукаш Ясіна.

Эфектыўнасць уведзеных санкцыяў суразмоўца «Белсата» назваў вельмі высокай, бо яны «пагаршаюць статус беларускай эканомікі» і не даюць магчымасці паступлення грошай у Беларусь з Еўропы.

«Але ўсе мы чакаем найлепшага выніку: змены беларускай улады, сыходу Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў адстаўку, аднак гэтых вынікаў мы пакуль не бачым, як не бачым заспакаення палітыкі Беларусі, якая падтрымлівае ўсе ваенныя інструменты Расеі, а таксама гібрыдную вайну на нашай польска-беларускай мяжы», – адзначыў Лукаш Ясіна.

Агляд
Без цыгарэт і алкаголю: новыя правілы ўезду ў Польшчу
2024.07.09 17:19

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў