«BELPOL»: «Цэйс-БелОМА» пераарыентуюць на вытворчасць прыцэлаў для расейскага войска


Ініцыятыва «BELPOL» сцвярджае, што ўлады Беларусі ператвараюць прадпрыемства СП «Цэйс-БелОМА» ТАА з вытворцы медычных прыбораў у вытворцу прыцэлаў для стралковай зброі і бронятэхнікі ў інтарэсах расейскага ВПК.

Паводле «BELPOL», ААТ «ММЗ імя С.І.Вавілава – кіроўная кампанія холдынгу «БелОМА», з’яўляючыся сузаснавальнікам СП «Цэйс-БелОМА» ТАА (40% акцыяў), «выжывае» асноўнага заснавальніка – нямецкую кампанію Carl Zeiss Jena GmbH (60% статутнага капіталу).

5 снежня 2023 года ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні ТАА – ААТ «ММЗ імя С.І.Вавілава» за дапамогу РФ у вайне супраць Украіны. Дапамога заключаецца ў маштабным удзеле ў вытворчасці прыцэлаў для бронятэхнікі і да стралковай зброі. Пасля гэтага Zeiss Jena GmbH прапанавала зліквідаваць СП «Цэйс-БелОМА» ТАА. Аднак беларускі бок заявіў, што не жадае ліквідаваць СП, змушаючы Carl Zeiss Jena GmbH выйсці з долі.

Паводле «BELPOL», канчатковая мэта ААТ ММЗ імя С.І.Вавілава – ліквідаваць СП з мінімальнымі рызыкамі і фінансавымі стратамі для ММЗ, а ўсю вытворчую базу і спецыялістаў перавесці ў ММЗ.

«Усё гэта неабходна толькі для аднаго – выкананне ваенных заказаў РФ», – сцвярджаюць у «BELPOL».

Як сцвярджае «BELPOL», у 2024 годзе «Холдынг БелОМА – Пеленг» плануе вырабіць амаль 1800 прыцэлаў або элементаў прыцэла САСНА-У для расейскіх танкаў. Колькасць цеплавізараў, лазерных далямераў і целеуказальнікаў, што пастаўляюцца холдынгам БелОМА, пераваліць у 2024 годзе за 10 000 вырабаў.

Пачынаючы з красавіка 2024 года ММЗ размясціла ў Цэйс-БелОМА свае заказы па вытворчасці прыцэлаў, паведамляюць «BELPOL».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў