Праблемы з чэргамі на межах Беларусі не развязваюцца: днём 9 чэрвеня чэргі на межах з Літвой доўгія, але не катастрафічныя, а на мяжы з Польшчай – вялізны затор з беларускага боку. «Белсат» глядзіць статыстыку памежнікаў і паведамленні ў чатах беларусаў.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі станам на сярэдзіну 9 чэрвеня публікуе наступныя лічбы чэргаў на выезд з Беларусі.
Онлайн-камеры адключылі на ўсіх беларускіх пераходах. Літоўскія памежнікі не абнаўлялі статыстыку чэргаў на ўезд у Беларусь з 7 чэрвеня.
У чаце пра «Грыгароўшчыну» пішуць, што чарга і з латвійскага боку невялікая, каля двух дзясяткаў машынаў, і з беларускага – каля 15, але пераход мяжы з усімі праверкамі можа заняць 3–4 гадзіны.
У чаце пра «Каменны Лог» расказваюць, што пераход мяжы з Беларусі ў Літву займае каля 9–12 гадзінаў на машыне, але можа пашанцаваць і на пяць з паловай. На аўтобусе можна прастаяць у чарзе такі ж час: 9–12 гадзінаў, але калі пашанцуе – пяць з паловай. З Літвы ў Беларусь аднаму аўтобусу мяжу ўдалося прайсці за дзве з паловай гадзіны, але адной машыне давялося чакаць 9 гадзінаў, другой – 12.
У чаце пра «Беняконі» паведамляюць, што на машыне з Беларусі ў Літву можна перайсці мяжу за 10–15 гадзінаў, з Літвы ў Беларусь машынай – звыш 8 гадзінаў. Аўтобус з Беларусі ў Літву прайшоў мяжу за дзве гадзіны.
Адзін з карыстальнікаў скардзіцца на літоўскіх памежнікаў: «Такое адчуванне, што да 12 ночы яны не працуюць, каб як мага менш людзей на мяжу прыязджалі». Але літоўскія мытнікі, мяркуючы па чатах беларусаў, ужо могуць і не даглядаць рэчы або ладзіць вельмі павярхоўны дагляд. Ежу ўжо не прымушаюць выкідаць, дазваляюць правозіць да 2 кг у адкрытых пакунках. Але аднаго чалавека, які вёз 5 пачак цыгарэтаў, не прапусцілі праз мяжу.
У чаце пра «Берасце» пішуць, што пераход мяжы ў Польшчу на машыне можа заняць 28 гадзінаў, а асноўны час чакання – у двухкіламетровай чарзе да беларускага пераходу. На аўтобусе з Беларусі ў Польшчу праходзілі мяжу 8–12 гадзінаў (пры тым прачакаць 12 гадзінаў можна нават калі сесці ў першы аўтобус у чарзе, і гэта пры тым, што аўтобусы амаль пустыя). З польскага боку ў Беларусь чарга меншая, каля кіламетру, на аўтобусе з Польшчы ў Беларусь можна перайсці мяжу за 5–10 гадзінаў, на машыне – ад 8 да 13 з паловай. Ранкам 9 чэрвеня на польскім баку былі адкрытыя тры калідоры для аўтамабіляў. Раяць ехаць ноччу – чакаюць, што з польскага боку ў 4–6 ночы чаргі ўжо не будзе.
Беларускія памежнікі вінавацяць польскіх у маруднай працы. Польскія ж тлумачаць, што вымушаныя перакідваць сілы з памежных пераходаў на ахову мяжы ад нападаў мігрантаў, аб чым інфармуюць беларускі бок.
У адказ на забойства жаўнера мігрантамі, якія спрабавалі трапіць у Польшчу нелегальным шляхам, Варшава можа поўнасцю закрыць мяжу. Але пакуль такога рашэння няма, затое польскія памежнікі ўжо атрымалі дазвол мець пры сабе зброю і ўпершыню ўжылі яе супраць групы мігрантаў. Афіцыйны Менск называе гэта «залішняй палітызацыяй».
Алесь Наваборскі belsat.eu