Падчас гандляванняў 9 чэрвеня на Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель значна ўмацаваўся да заходніх валютаў.
Курс долара знізіўся на 0,85 %, да 2,5007 рубля. Гэта мінімальнае значэнне за апошнія амаль 10 месяцаў.
Еўра патаннеў на 0,76 % і дасягнуў адзнакі 3,0465 рубля. Гэта мінімум за 6,5 месяца.
А вось расейскі рубель нязначна падаражэў – на 0,13 %, да 3,4694 беларускага рубля за 100 расейскіх.
У каментары belsat.eu навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль адзначыў, што ўмацаванню беларускага рубля да заходніх валютаў ёсць дзве прычыны. Першая – гэта ўмацаванне курсу расейскага рубля да іх, што ў сваю чаргу ўплывае і на беларускую валюту.
Другая прычына – папаўненне Нацыянальным банкам валютных рэзерваў у той час, як фізічныя і юрыдычныя асобы прадаюць замежную валюту, каб заплаціць падаткі і зборы.
«Гэта часовая тэндэнцыя. Цягам апошніх гадоў прасочваецца такая палітыка Нацбанку. Менавіта ў гэты час, красавік – травень, дастаткова часта адбывалася ўмацаванне рубля», – заявіў эксперт.
МГ belsat.eu