Дзень (забытай) Перамогі

Сцяпан Бандэра ніколі не супрацоўнічаў з фашыстамі. На пяты дзень пасля захопу гітлераўцамі Львова ён быў арыштаваны і практычна ўсю вайну правёў у турмах і канцлагерах. Гэты складаны чалавек аднолькава ненавідзеў і Саветы, і нацысцкую Нямеччыну. Але каму ты пра гэта раскажаш у сённяшняй Беларусі, і, вядома, Расеі? Не дадуць веры. Як не павераць і ў тое, што ў Латвіі, нароўні з савецкай, забароненая і сімволіка нацысцкай Нямеччыны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі шоу у форме часоў Вялікай Айчыннай вайны з савецкім сцягам, выступаюць падчас праходжання ваеннай тэхнікі Узброеных сілаў Расеі па Палацавай плошчы падчас генеральнай рэпетыцыі Параду Перамогі. Санкт-Пецярбург, Расея. 5 траўня 2024 года.
Фота: Artem Priakhin / Zuma Press / Forum

Ну, далей – болей. ЗША ўступілі ў Другую сусветную вайну 7 снежня 1941 года, менш чым праз паўгода пасля СССР. І ваявалі. А першая высадка войскаў саюзнікаў у Еўропе здарылася ў жніўні 1943-га. Тады Сіцылію вызваляў кантынгент у 470 000 чалавек, і было гэта за год да высадкі ў Нармандыі.

Агулам, у той вайне прымалі ўдзел 62 з 74 дзяржаў зямнога шара, 80% насельніцтва. Краіна ж, якая панесла самыя вялікія страты насельніцтва, гэта… не СССР. Страты былі велізарныя, 27 млн з 209 млн насельніцтва краіны ў 1941 годзе – гэта 13%. Але Польшча страціла ў паўтара раза больш: 6,2 млн з 35 – мільённага даваеннага насельніцтва – гэта 18%. Статыстычны факт, які не вывучаецца ў беларускай школе.

Ну, а калі ўжо паспрабаваць заікнуцца аб тым, што Другая сусветная, самая буйная трагедыя ў сусветнай гісторыі, пачалася з сумеснага распілоўвання Сталіным і Гітлерам Усходняй Еўропы, што мы былі на няправільным баку, так не дадуць жа дагаварыць, з кулакамі кінуцца. Гэта ж Гітлер акупаваў, а мы выключна вызвалялі! Вельмі зручна.

Гэтак жа, як зручна праклінаць амерыканцаў, якія ўчынілі ядзерныя бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі. З ваеннага пункту гледжання, гэта было цалкам апраўданае мерапрыемства, з маральнага, чалавечага –злачынства, але дзе ж у гэты час быў СССР?

Гісторыя прыгожая ў сваёй чысціні. Пасля капітуляцыі Нямеччыны (8 траўня) у СССР былі абавязацельствы перад ЗША ўступіць у вайну з Японіяй (з якой усю вайну дзейнічала дамова аб узаемным нейтралітэце) у трохмесячны тэрмін. І вось, 6 жніўня 1945 года Пол Тыбетс скідае «Малыша» на 250-тысячную Хірасіму, а 7 жніўня Сталін падпісвае загад аб пачатку баявых дзеянняў. 14 жніўня імператар Хірахіта падпісаў заяву аб капітуляцыі, а ўжо 16-га японскія войскі пачалі масава здавацца ў палон.

Вось такая атрымалася вайна, на тыдзень. У выніку якой і Манголія стала нашай, і Паўночная Карэя ўвайшла ў савецкую зону акупацыі, і Паўднёвы Сахалін вярнулі, і выспы Курыльскай грады перапісалі на сябе. Пагадзіцеся, вельмі зручна атрымалася? Але «гэта ж не мы, гэта ўсе яны». А калі ўспомніць, што ў вермахце служыла да 1,5 млн грамадзянаў СССР? Як з гэтым жыць?

Вайна – цяжкая, брудная праца. Вайна – гэта смерць. Сапраўдную гісторыю памяталі тыя, хто прыйшоў з вайны, і Дзень 9 траўня да 1965-га быў працоўным святочным днём. Нават не выхадным. А, потым, з кожным годам, усё гучней і ўсё далей ад сапраўднай гісторыі: «Гэты дзень Перамогі!»…

Надышоў новы час, і па плошчах на 9 траўня паехалі ракеты (разам з унітазамі і трактарамі). А потым і ракетам знайшлося выкарыстанне, і ўнітазы таксама сталі парадаксальным сімвалам новых эпахальных бітваў у новай «вайне з нацызмам».

Як яно далей будзе? Ды ўжо, па вялікім рахунку, усё роўна. Нашчадкі пераможцаў не выканалі галоўнае даручэнне продкаў – «ніколі больш» і ператварылі прынесеную вялікую ахвяру ў нешта пластмасавае, у комікс ад «Беларусфільму».

Маладое пакаленне, маючы здаровую свядомасць, у сябе гэтую каламуць, вядома, не пушчае – няма матывацыі, і дзякуй Богу. Рэальная ж гісторыя той вайны брудная, страшная і трагічная. Калі-небудзь яе давядзецца ўспомніць і расказаць наноў. Каб нарэшце з ёй развітацца і адпусціць. І жыць далей.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў