Глухое пекла тысяч сем’яў беларускіх палітвязняў. У Нью-Ёрку адбылася прэм’ера стужкі «Пад шэрым небам»


Цэлы фільм быццам з затрыманым дыханнем – як толькі галоўную гераіню, прататыпам якой стала палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева, хапаюць сілавікі, пачынаеш несвядома чакаць развязання, што дазволіла б выдыхнуць. Разам з яе мужам, прататып – Ігар Ільяш, у якога з затрыманнем жонкі пачынаецца нешматслоўны хрэсны ход, проста-такі выпісаны на яго твары. У Нью-Ёрку на кінафестывалі Tribeca адбылася прэм’ера стужкі «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, што паказвае штодзённае глухое пекла тысяч сем’яў беларускіх палітвязняў.

Мара Тамковіч прэзентуе свой фільм пра Кацярыну Андрэеву і Ігара Ільяша.
Фота: Дзмітрый Брушко

Гэта, безумоўна, шалёны поспех для рэжысёркі – мець сусветную прэм’еру на Tribeca Festival. Да таго ж – гэта магчымасць агучыць там тэму палітвязняў. З Марай Тамковіч беларускае ігравое кіно атрымала каштоўны рэсурс, наколькі мы можам лічыць беларускай знятую на польскія грошы стужку беларуска-польскай рэжысёркі. Асабіста я лічу. Са сваім кінапраектам паводле гісторыі Кацярыны і Ігара Мара дастала грошы ў Польскага кінаінстытута, у сціслыя тэрміны на мікрабюджэт рэалізавала цэльны поўны метр, а яшчэ і трапіла ў конкурс Tribeca Festival – брава. Такі старт дэбюту можа пашырыць магчымасці рэжысёркі.

Мара не ўпершыню працуе з гісторыяй Кацярыны Андрэевай – яе папярэдняя кароткаметражка «У жывым эфіры», што дагэтуль атрымлівае ўзнагароды на кінафестывалях, сфакусаваная на выбары журналісткі працягваць прамую трансляцыю пра Плошчу Перамен, хаця ў дзверы кватэры могуць вось-вось пагрукаць сілавікі. Гэты момант мільгае і ў поўным метры, ён усё-ткі вызначальны для далейшай хады падзей, але «Пад шэрым небам» ужо зусім іншая гісторыя. Тут Лене Антонавай (Кацярына Андрэева) даводзіцца рабіць яшчэ больш брутальныя выбары, а на першы план выходзіць драма яе мужа Іллі Ігарова (Ігар Ільяш), выкананая літоўскім акторам Валянцінам Навапольскім.

Рэпартаж
«Але гэта страшная рэч, праўда?» Пабывалі на здымках фільму Мары Тамковіч пра турму і каханне
2023.05.26 14:00

Такім чынам усё пачынаецца з жорсткага затрымання, якое мы не бачым, але яно дастаткова эфектнае і праз трубку тэлефона, – пачынаюцца колы пекла Іллі Ігарова, які перажывае арышт жонкі са стрыманай, негаваркой, у прыглушаных халодных колерах скрухай. Так, што можна хаця б прыблізна ўявіць боль сваякоў беларускіх палітычных зняволеных. У фільме ён паказаны пранізліва, забойча пранізліва, прычым без ужывання эмацыйна-маніпулятыўных сцэн, што, здаецца, робіцца наўмысна, але я і без іх сціснула сэрца на ўвесь хронаметраж.

Мара «забівае» іншым – мантажом цішыні і нешматслоўнай вытрымкай Іллі з адчуваннем нацягнутай струны, маўляў, яшчэ трошку і парвецца, перадусім ад бяссілля.

«Пад шэрым небам» не ўтрымлівае ў сабе разгорнуты палітычны кантэкст, не ўвасабляе з хранікальнай дакладнасцю прыклад пераследу ў Беларусі, не адлюстроўвае бетонную пліту рэпрэсій, хаця і Акрэсціна, і бусікі перад домам, і гукі пралятаючых самалётаў пасля пачатку вайны, і краты, што перакрываюць Кацярыну, у фільме мільгаюць. Гэтых дазаваных рэквізітаў дыктатуры хапае, каб не забыць, на якім ты свеце.

Але ў «Пад шэрым небам» мы перадусім маем справу з інтымнай, схаванай ад чужых вачэй, вельмі асабістай драмай толькі двух людзей.

Прычым большасць сэнсаў тут трымаецца на разыграных на тварах ды разумна змантаваных сцэнах, то-бок, на больш няўлоўных сігналах кінематаграфічных сродкаў. У Мары Тамковіч і аператара Кшыштафа Трэлі таксама добра працуе і своечасова з’яўляецца ўнутрыкадравы мантаж – бывае, героя нельга выпускаць ні на секунду. Распісаныя дэталёвыя дыялогі ды якія-кольвек наўпроставыя дэкларацыі не патлумачылі б нам больш.

Гэта істотна, што «Пад шэрым небам» дазваляе менавіта адчуць драму, а не пабачыць яе храналогію. Інтэлігентнае самавалоданне, каханне да жонкі і разумеючая пакора перад яе рашэннямі – праз надрыўныя маўклівыя статычныя планы, позіркі і быццам безупынную гонку, хаця фільм павольны.

Трэба аддаць належнае Валянціну Навапольскаму: гісторыя красамоўна распісваецца на твары актора, што цікава – усё яшчэ маларухомым – поўнага спектру эмоцый для фільму ў арсенале ў яго не было. Але персанаж з яго майстэрскім чынам атрымаўся вельмі выразны, я кажу ўжо не толькі пра ігру, але і пра шэраг сцэн з Валянцінам, якія застаюцца ў памяці. Як ён вымаўляе ветлівае «Прабачце», калі ў яго не прымаюць перадачу для жонкі. Як ён стомлена падпявае песні «Я нарадзіўся тут» – гэтая сцэна заслугоўвае асобнай увагі. Як глядзіць на жонку, калі ёй агучваюць чарговы прысуд.

Рэжысёрка фільму Мара Тамковіч (пасярэдзіне) разам са здымачнай камандай.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Аляксандра Вайцэховіч у той момант адпавядае бязмоўнай ігрой. Хаця акторка і дала ў фільме ненатуральных манерных жэстаў, сваімі позіркамі гісторыю ўкамплектавала да канца. Стан, які абодва акторы перадалі, уласцівы хіба не толькі Іллі і Лене, Ігару і Кацярыне – сёння гэта пра Беларусь у прынцыпе. Тыя быццам малаэмацыйная стрыманасць, асцярожнасць і інтэлігентнасць ушчэнт.

Як у савецкія часы былі контррэвалюцыйныя ўсмешкі, так у нас сёння рэвалюцыйныя позіркі. Перажываць катастрофы па-іншаму ў Беларусі цяпер хіба не атрымаецца, нават калі і захочацца – гэта больш не зона эмацыйных выбухаў і грукатаў гневу. Абачлівасць, паўсюль абачлівасць.

Затое аўтары залілі пераважныя халодныя колеры фільму, то-бок Беларусь, цёплым святлом, што можна па-рознаму трактаваць, але для мяне гэта прызнанне ў любові, і я да яго далучаюся.

Фільм «Пад шэрым небам» ці штосьці іншае на яго кшталт ідэальна ратавалі б ад аўтаматызаванасці тэмы палітвязняў, якая змярцвела да бяздушных загалоўкаў навінаў, а што за імі стаіць, як выглядаюць тыя драмы і што там адчуваюць, няма часу зразумець, ахапіць.

Прыгожа рэжысёрка адышла ад падзейнасці і зайшла ў кватэру палітзняволенай і яе мужа, каб увасобіць іх асабістае.

Стужка так і не дала выдыхнуць – гэта таксама моцна пра сённяшнюю Беларусь. Галоўная гераіня затое слухала прысуд у чырвонай сукенцы.

Інтэрв’ю
«Я шукала не фасадных герояў, а штодзённую цану прынятых рашэнняў» – размова з рэжысёркаю Мараю Тамковіч
2024.04.27 07:19

На вокладцы кадр трэйлера фільма «Пад шэрым небам». Скрыншот/Vimeo.com

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў