У аглядзе Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі адзначаецца, што буйнамаштабныя ракетныя ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны сталі рэдкасцю, а менш маштабныя атакі, імаверна, не здольныя істотна паўплываць на сітуацыю.
«Кампанія Расеі для разбурэння аб’яднанай энергасістэмы Украіны ўзімку 2022–23 гг., хутчэй за ўсё, правалілася. Расея наносіла далёкія ўдары з кастрычніка 2022 года, але буйнамаштабныя напады сталі рэдкасцю з пачатку сакавіка 2023 года. Менш маштабныя ўдары (з менш чым 25 снарадамі) працягваюцца, але вельмі верагодна, што яны акажуць значна меншы ўплыў на абʼяднаную энергетычную сістэму», – лічаць у брытанскай выведцы.
Пры гэтым Украіна працягвае купляць трансфарматары і іншыя крытычна важныя кампаненты энергасістэмы. Транспартаванне і размяшчэнне гэтых кампанентаў застаецца сурʼёзнаю матэрыяльна-тэхнічнаю праблемай, асабліва трансфарматараў высокага напружання, якія важаць не менш за 100 тонаў, адзначае брытанская выведка.
«Энергетычная сітуацыя ва Украіне, хутчэй за ўсё, палепшыцца з надыходам цяпла. Планаванне і падрыхтоўка да наступнай зімы, верагодна, ужо пачаліся», – рэзюмуюць аўтары агляду.
Нагадаем, у кастрычніку 2022 года Расея распачала кампанію мэтанакіраванага знішчэння цывільнай энергетычнай інфраструктуры Украіны, пакідаючы насельніцтва без святла, цяпла і вады. У лістападзе ўкраінскі ўрад заяўляў, што расейскія ракетныя ўдары знядзеілі амаль 50 % энергасістэмы краіны. З надыходам зімы сітуацыя з электраэнергіяй стала крытычнай.
Аднак у канцы студзеня 2023 года сітуацыя стабілізавалася, і да сярэдзіны лютага веерныя адключэнні святла перасталі быць паўсюднымі. 7 красавіка ўлады Украіны заявілі пра гатовасць аднавіць экспарт электраэнергіі. «Украінская энергасістэма ўжо амаль два месяцы працуе без абмежаванняў спажыўцоў з запасам магутнасці. Самая складаная зіма пройдзеная», – заявіў міністр энергетыкі Герман Галушчанка.
Глеб Нержын belsat.eu