Улады Беларусі агучылі свае планы адносна развіцця эканомікі на 2024 год. Паўсюль, хіба апроч інфляцыі, прагназуюць рост. Наколькі гэта рэалістычныя прагнозы, «Белсат» паразмаўляў з эканамістам Алегам Мазалём.
Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычніка падпісаў указы № 307 і 308, якімі зацвердзіў прагнозныя параметры развіцця краіны і мэтавыя паказнікі грашова-крэдытнай палітыкі на 2024 год.
У прыватнасці, прырост ВУП прагназуецца на 3,8 % «за кошт маштабных інвестыцыйна-вытворчых праграмаў, рэалізацыі беларускай прадукцыі на вонкавых рынках і пашырэння ўнутранага попыту».
Чакаецца, што інвестыцыі ў асноўны капітал дададуць 3,9 % у супастаўных умовах, экспарт тавараў і паслуг павялічыцца на 7,6 %, а рэальныя грашовыя даходы насельніцтва прырастуць на 3,5 %. А вось інфляцыю плануецца стрымаць на ўзроўні 6 %.
Заробкі мусяць вырасці на 3,9 % і дасягнуць у сярэднім па краіне Br 2087. У бюджэтным сектары – Br 1634.
Міжнародныя рэзервовыя актывы павінны скласці не менш як $ 6 млрд.
Алег Мазоль, навуковы работнік BEROC, у каментары «Белсату» адзначыў, што дэталёвай інфармацыі аб тым, як урад збіраецца забяспечыць дасягненне гэтых паказнікаў, няма. Яна яшчэ толькі будзе паказаная ў плане сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год, і на распрацоўванне гэтага плану адведзеныя два месяцы.
«Агулам усё як у адсталай савецкай сістэме: прагнозы пераходзяць у праграмы, праграмы – у планы і гэтак далей. Наколькі рэалістычна тое, што прагназуе ўрад Лукашэнкі, мы ўжо не раз пераконваліся: ад «усім па пяцьсот» да «дэвальвацыі не будзе». Гэтым разам дадалося нешта новае», – падкрэсліў Мазоль.
У прыватнасці, паводле эксперта, у краіне настолькі схаваная істотная частка статыстычнай інфармацыі, што нават ключавое міжнароднае крэдытнае агенцтва «S&P» прыпыніла крэдытныя рэйтынгі Беларусі «праз адсутнасць дастатковай і своечасовай інфармацыі».
Алег Мазоль кажа, што ўрад Беларусі паспрабуе забяспечыць прагнозны рост ВУП:
«На сёння, дзякуючы ўнікальнай гаспадарчай сістэме Лукашэнкі, эканоміка Беларусі зменшылася настолькі, што 3,8 % росту складае каля $ 2,8 млрд. Гэта на ўзроўні гадавога прыбытку сярэдняга ўзроўню польскай карпарацыі».
Ён падкрэсліў, што пры Лукашэнку эканоміка Беларусі здольная вырабляць ВУП на душу насельніцтва толькі на ўзроўні $ 7,9 тыс. У Польшчы гэты паказнік у 2022 годзе склаў $ 18,3 тыс., а ў Літве – $ 24,8 тыс.
«Іншымі словамі, пакуль Лукашэнка спрабуе маляваць планы і прагнозы для аднаўлення савецкай эканомікі, краіны-суседзі апярэдзілі Беларусь у 2-3 разы», – заявіў эканаміст.
На ягоную думку, для рэалізацыі прагнозаў урад можа збірацца скарыстаць спрыяльную кан’юнктуру на сусветным рынку калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў. У прагнозных параметрах закладзены рост экспарту тавараў і паслуг на 7,6 %, але «нічога не сказана пра прагноз аб чыстым экспарце, які больш значны з гледзішча ВУП». Чысты экспарт паказвае розніцу паміж колькасцю вырабленых прадуктаў, адпраўленых за мяжу, і прадуктамі, якія былі закупленыя з-за мяжы.
«У цэлым, верагодна, урад Лукашэнкі будзе спрабаваць нарошчваць будаўніцтва жылля, ажыццяўляць эмісійныя ўліванні грошай у эканоміку, нарошчваць бюджэтныя выдаткі за кошт бюджэтнага дэфіцыту. Магчыма, будуць спрабаваць прасоўваць сыравінны экспарт з Беларусі на рынкі «дружалюбных краінаў». Нічога новага ці інавацыйнага», – заключыў эксперт.
Што датычыць прагназаванага росту заробкаў, то зрабіць гэта можна прынамсі коштам эмісіі грошай у эканоміку – «гэта для іх не праблема». А вось з інфляцыяй для ўладаў «больш цяжкае становішча», бо яны залежаць не толькі ад таго, што вырабляюць, але і ад таго, што імпартуюць.
«Таму калі будзе больш імпарту, то і з цэнамі будзе праблема для выканання тых паказнікаў, якія былі», – мяркуе эканаміст.
Мазоль таксама адзначыў, што не заўсёды эканамічныя прагнозы ўладаў адпавядаюць таму, што ў выніку адбываецца. Гэтак, у 2022 годзе, нягледзячы на станоўчыя прагнозы, рэальныя даходы насельніцтва знізіліся на 3,6 %, экспарт тавараў і паслуг – на 5,2 %, падзенне інвестыцыяў у асноўны капітал склала 19 %, а ВУП абваліўся на 4,7 %.
«Іншымі словамі, ніводнага паказніку са свайго прагнозу Лукашэнка не выканаў. Агульную карціну дэградацыі эканомікі Беларусі дапаўняюць наступныя звесткі: за 2022 год колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 55 тысяч асобаў, занятых у эканоміцы стала менш на 70 тысяч. Было зачынена 67 школаў, 58 дзіцячых садкоў, 8 больніц. Колькасць зарэгістраваных патэнтаў і ліцэнзіяў у краіне скарацілася на 13 %», – заявіў Мазоль.
Сёлета ж, сказаў ён, кан’юнктура пакуль спрыяе, цэны на сыравіну растуць і заказы з Расеі ў выніку вайсковых дзеянняў таксама падраслі.
«Таму, хутчэй за ўсё, яны выканаюць тыя планы, якія яны паставілі», – заключыў эканаміст.
Якою будзе кан’юктура ў 2024 годзе, пакуль невядома.
Макар Мыш belsat.eu