У Беларусі пачалася раптоўная праверка нестратэгічнай ядравай зброі


7 траўня ў Беларусі пачалася раптоўная праверка сродкаў-носьбітаў нестратэгічнай ядравай зброі. Такое распараджэнне аддаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла Міністэрства абароны.

Міністр абароны Віктар Хрэнін выступае з заявай пра пачатак праверкі.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Пазней наконт праверкі выказаўся і сам Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што яна носіць выключна абарончы характар.

Пра гэта ж заявіў і міністр абароны Віктар Хрэнін. Ён падкрэсліў, што для выканання заданняў у гатовасць прыведзены дывізіён аператыўна-тактычнага комплекса «Іскандэр» і эскадрылья самалётаў Су-25.

Праверыць планавалася «увесь комплекс мерапрыемстваў ад планавання, падрыхтоўкі і прымянення ўдараў тактычнымі ядравымі боепрыпасамі», адзначалася ў паведамленні Мінабароны.

Паводле дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча, праверка была сінхранізаваня з аналагічнымі мерапрыемствамі, якія праводзяцца ў Расеі.

Нагадаем, што 6 траўня Мінабароны Расеі заявіла пра пачатак падрыхтоўкі да вучэнняў, у ходзе якіх будзе праведзены комплекс мерапрыемстваў па практычнай адпрацоўцы пытанняў падрыхтоўкі і прымянення нестратэгічнай ядравай зброі. Намеснік старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў звязаў гэтае рашэнне з дыскусіяй, якая вядзецца на Захадзе, пра дапушчальнасць адпраўкі войскаў ва Украіну.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка назваў праверку носьбітаў ядравай зброі прамым выклікам Радзе бяспекі ААН.

«Дыктатар выкарыстоўвае ядравую зброю, каб задаволіць уласныя амбіцыі. Яму трэба самарэалізавацца ў разуменні таго, што ён нібыта кіраўнік ядравай дзяржавы», – заявіў Павел Латушка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў