«Безразважна і безадказна». ЗША – пра расейскія вучэнні для выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі


Прадстаўнікі Белага дому, Дзярждэпартаменту ЗША і Пэнтагону падчас брыфінгу 6 траўня выказалі сваю пазіцыю адносна намераў Расеі правесці вучэнні для рыхтавання і выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі.

Джон Кербі.
Фота: Navy Petty Officer 1st Class Carlos M. Vazquez II / Flickr

Амерыканскія чыноўнікі лічаць расейскую ядравую рыторыку безразважнай і безадказнай.

«Калі Пуцін і расейскія афіцыйныя асобы занепакоеныя тым, што іхныя войскі ва Украіне могуць быць атакаваныя зброяй, вырабленай у іншых дзяржавах, то самы лёгкі шлях пазбегчы гэтага – проста вывесці свае войскі. […] Для лідара ядравай дзяржавы безразважна і безадказна бразгаць ядравым арсеналам і намякаць на яго патэнцыйнае выкарыстанне», – сказаў каардынатар Рады нацыянальнай бяспекі ЗША ў стратэгічных камунікацыях Джон Кербі.

У той жа час, нягледзячы на вучэнні, Вашынгтон не бачыць прыкметаў рэальных намераў Расеі ўжыць ядравую зброю, і таму ЗША пакуль не будуць змяняць сваёй пазіцыі стратэгічнага стрымлівання, зазначыў Кербі. З падобнаю заявай выступіў таксама прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер:

«Расейская ядравая рыторыка была безразважнай і безадказнай цягам усяго канфлікту. Нягледзячы на ўсё, мы не бачылі ніякіх падставаў для карэкцыі нашай уласнай ядравай пазіцыі ў адказ на гэтыя заявы, а таксама ніякіх прыкметаў таго, што Расея рыхтуецца ўжыць ядравую зброю ва Украіне».

З Кербі і Мілерам пагадзіўся прэс-сакратар Пэнтагону генерал Пэт Райдэр і таксама зазначыў, што Злучаныя Штаты не бачаць нейкіх змяненняў у становішчы расейскіх стратэгічных сілаў.

«Вядома, мы працягнем назіранне. Але гэта ўсяго толькі безадказная рыторыка», – сказаў прадстаўнік Пэнтагону.

Hавiны
У Расеі патрэнуюцца запускаць ядравую зброю «ў адказ на пагрозы» заходніх палітыкаў
2024.05.06 11:47

Уладзімір Пуцін даручыў вайскоўцам правесці вучэнні з мэтаю «павысіць гатовасць нестратэгічных ядравых сілаў да выканання баявых задачаў», паведаміла 6 траўня Мінабароны Расеі. Апошні раз такія трэнаванні адбыліся ў кастрычніку летась. Падчас навучання будзе здзейснены комплекс захадаў у практычным адпрацоўванні пытанняў рыхтавання і выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі.

Як патлумачылі ў ведамстве, гэта патрэбна для «безумоўнага забеспячэння тэрытарыяльнай цэласці і суверэнітэту расейскай дзяржавы». Таксама сцвярджаецца, што вучэнні ладзяцца «ў адказ на правакацыйныя заявы і пагрозы некаторых заходніх афіцыйных асобаў на адрас Расейскай Федэрацыі».

Калі трэнаванні адбудуцца, не ўдакладняецца, паведамляецца толькі, што «найбліжэйшым часам». Пра якія канкрэтна «правакацыйныя заявы» і «пагрозы» заходніх палітыкаў ідзе гаворка, невядома.

Каментар
Якая ядравая зброя ёсць у Лукашэнкі? Эксперт тлумачыць: ніякай і быць не можа
2024.04.26 13:37

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў