Былы галоўны рэдактар праекту NEXTA Раман Пратасевіч адрэагаваў на навіны пра тое, што ўлады Беларусі даслалі ў Польшчу запыт на ягоную экстрадыцыю.
У сваім тўітары ён напісаў, што такія намаганні марныя.
У размове з журналістамі «Белсат» Раман нагадаў, што ягоная прапанова аб вяртанні яго ў Менск наўзамен на дэпартацыю Лукашэнкі ў Гаагу актуальная: «Калі я так патрэбны ўладам Беларусі, то я дагэтуль гатовы да такога абмену».
Раман Пратасевіч таксама адзначыў, што раней ніхто з апанентаў Лукашэнкі не атрымліваў такой узнагароды, як прызнанне тэрарыстамі: «Усе гэтыя навіны і запыты сведчаць толькі аб нейкім непрафесіяналізме. Я не ведаю, навошта гэта ўвогуле робіцца, бо ўсе такія публічныя заявы працуюць толькі ў мінус самой уладзе. З такіх заяваў людзі толькі смяюцца. Відавочна, што ніводная еўрапейская краіна не будзе выдаваць ні мяне, ні Сцяпана [Пуцілу]».
Раман Пратасевіч таксама анансаваў свой новы праект, які з’явіцца ў бліжэйшыя дні: «Я буду вяртацца ў тэлеграм-прастору. І гэта пакуль усё, што я магу сказаць».
МГМ, Belsat