Аляксандр Лукашэнка наведаў на Раство храм Святога прарока Іаана Прадцечы. Там ён у чарговы раз казаў пра загадкавых ворагаў Беларусі і пра выбары.
«Мы стаім на парозе змены пакаленняў, калі ўсё, што зроблена, дрэнна ці добра (можа быць, не нам судзіць), нам не сёння-заўтра прыйдзецца перадаць пакаленню, якое падрастае, – нашым з вамі дзецям. Год гэты будзе вельмі няпростым. На нас будуць трэнавацца. І нам трэба выстаяць. Будуць трэнавацца да будучых прэзідэнцкіх выбараў», – сказаў Лукашэнка.
Хто будзе трэнавацца, ён не патлумачыў.
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на моладзь, «якая не бачыла складаных часоў і ў савецкі перыяд, і пасля распаду Савецкага Саюзу», адзначыў палітык.
«Ім трэба пра гэта расказаць, ім трэба паказаць, каб яны шанавалі тое, што нажытае нашай працай», – працягнуў Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што беларусы ў гэтым годзе павінны паказаць сябе і тое, што яны гаспадары на сваёй зямлі.
«Мы, беларускі народ, які нацярпеўся і напакутаваўся ў сваёй гісторыі, маем права жыць па ўласных законах», – сказаў аўтар фразы «часам не да законаў».
Адным з кірункаў працы па захаванні дзяржавы ён назваў падтрымку вёскі.
«Згубім вёску – згубім дзяржаву», – дадаў Лукашэнка.
Арсен Рудэнка belsat.eu