Як NATO адкажа на сабатаж расейскай выведкі ў Еўропе? Тлумачыць брытанскі эксперт у выведцы


Расея дэкларуе, што з ёй ваюе NATO, але не хоча эскалацыі да сапраўднай вайны, а толькі ладзіць дыверсіі, каб прадухіліць пастаўкі зброі ва Украіну, расказвае брытанскі эксперт у эфіры «Вот Так» на «Белсаце». Але пакуль NATO рыхтуецца да вайны, як адкажа на дыверсіі?

Доктар Кевін Рыл і персанаж з вокладкі ягонай кнігі «Russian
Intelligence: A Case-based Study of Russian Services and Missions Past and Present». Калаж: Brunel.ac.uk / Ni-u.edu

Як піша брытанская газета «Financial Times», еўрапейскія выведныя агенцтвы папярэджваюць свае ўрады аб падрыхтоўцы Расеяй актаў сабатажу па ўсёй Еўропе. Паводле выдання, гэтыя акты могуць уключаць падрывы і падпалы інфраструктуры наўпрост ці праз проксі-сілы, а магчымыя ахвяры сярод цывільных не хвалююць арганізатараў.

Доктар Кевін Рыл, эксперт у пытаннях выведкі і міжнароднай бяспекі, лектар у лонданскім Універсітэце Брунэля і аўтар кнігі пра расейскую выведку, тлумачыць «Белсату»: Расея не проста плануе сабатаж, а вядзе баявыя дзеянні і вайну супраць NATO.

«Расейскія лідары ў апошнія два гады заяўлялі, што краіны NATO пастаўляюць ва Украіну ўзбраенні, і расейскія лідары лічаць, што краіны NATO вядуць вайну супраць Расеі, – кажа доктар Рыл. – Таму тое, што робіць Расея з сабатажам аб’ектаў вытворчасці зброі і лагістычных лініяў, гэта супрацьдзеянне таму нападу, якія, па словах расейскіх лідараў, NATO ужо чыніць супраць іх».

Паводле яго, для Расеі пастаўкі зброі ва Украіну – гэта «акт вайны», хай NATO так і не лічыць. Таму Расея ладзіць «сіметрычны адказ»: аперацыі пад прыкрыццём, у асноўным арганізаваныя Галоўным упраўленнем Генеральнага штабу Узброеных сілаў (былым Галоўным выведным упраўленнем – ГРУ), якое знаходзяць мясцовых выканаўцаў для сачэння і закладкі зарадаў. І гэта для Расеі «гістарычна тыповае дзеянне з ваенных дактрынаў» для ўмоваў вайны.

Асабліва гэтыя аперацыі сталі заўважныя з сакавіка 2024 года, а першыя арышты ў сувязі з падрыхтоўкай расейскіх дыверсіяў былі год таму ў Польшчы: у сакавіку-чэрвені 2023 года там арыштоўвалі людзей, якія збіралі звесткі пра пастаўкі зброі ва Украіну. Доктар Рыл лічыць, што масавая высылка з Еўропы сотняў расейскіх выведнікаў у 2022 годзе вымусіла Расею адкласці планаванне атак, спатрэбіўся дадатковы час для вербавання людзей і перамяшчэння зброі і выбухоўкі. Контрвыведныя дзеянні запаволілі і ўскладнілі гэта, але расейская выведка не спыніла падрыхтоўкі і пошуку агентаў.

Суразмоўца сумняецца, што варта чакаць буйных тэрарыстычных нападаў, напрыклад, перад выбарамі ў Еўрапарламент. Ён тлумачыць: адна з мэтаў сакрэтных аперацыяў – пазбегнуць эскалацыі, якая пагражала б пры адкрытых аперацыях кшталту запускаў ракет ці ўводу войскаў. Расея не хоча эскалацыі да сапраўднай вайны з NATO, а хоча толькі прадухіліць пастаўкі зброі ва Украіну.

У палітычнай сферы Расея таксама будзе прымаць пэўныя дзеянні, але, па словах доктара Рыла, гэтыя дзеянні маюць застацца ў інфармацыйным свеце, не ў фізічным. Суразмоўца будзе вельмі здзіўлены, калі Расея ўчыніць фізічную атаку адносна палітычнай актыўнасці ў Еўропе.

Каментар
Напад Расеі на краіны NATO – гэта «страшылка нейкага таблоіда» ці сапраўдная пагроза?
2024.01.15 16:54

Як адкажа Еўропа? Доктар Рыл нагадвае, што ў пачатку 2024 года вайсковае кіраўніцтва краінаў NATO казала, што бачыць патрэбу рыхтавацца да вайны з Расеяй у бліжэйшыя 5–10 гадоў. Ці гатовыя ў NATO да атак пад прыкрыццём ужо цяпер, а не праз 5–10 гадоў, сказаць цяжка. Пакуль, на думку суразмоўцы, гэтая рэакцыя адбываецца ў свеце выведкі і контрвыведкі ў выглядзе прадухілення атак і арыштаў выканаўцаў.

Вайсковую рэакцыю ўскладняе тое, што ў цяперашніх атаках цяжка вызначыць «расейскую руку». Так, дыверсанты, арыштаваныя ў Злучаным Каралеўстве ў канцы красавіка, не былі расейскімі аператыўнікамі, а былі мясцовымі жыхарамі, нанятымі расейскай выведкай. Арыштаваныя ў сярэдзіне красавіка ў Нямеччыне былі з падвоеным нямецка-расейскім грамадзянствам, нанятымі не ў Расеі, а на тэрыторыі Нямеччыны.

«Менавіта цяпер рыторыка NATO не дае падставаў чакаць хуткі вайсковы адказ, – адзначае доктар Рыл. – Але з тым, як набіраюцца акты сабатажу, лідарам NATO трэба будзе пачынаць думаць, ці патрэбны вайсковы адказ хутчэй, чым праз 5–10 гадоў».

Пакуль жа адбываюцца расследаванні пасля таго, як нешта выбухнула, і арышты да таго, як нешта маглі падарваць. Але суразмоўца заўважае, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне заходнія дзяржавы сталі значна больш абменьвацца выведнымі звесткамі аб актыўнасці расейскай выведкі, арыштоўваць завербаваных агентаў і тых, хто нелегальна трапіў у адпаведныя краіны.

Доктар Рыл рэзюмуе: расейскае Галоўнае ўпраўленне не стала менш здольным да дыверсіяў у краінах NATO, а толькі было запаволенае рэакцыяй у краінах NATO адразу па ўварванні ва Украіну, і цяпер зноў набірае моц.

ВІДЭА
Што кіраўніцтва NATO думае пра агрэсіўную рыторыку Лукашэнкі?
2024.02.16 16:38

Аляксандра Шапіліна, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў