Апошнімі месяцамі ўсё часцей стала з’яўляцца інфармацыя пра звальненне з дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў тых працаўнікоў, хто падтрымлівае пратэсты. З імі не працягваюць кантрактаў або проста звальняюць, спасылаючыся на скарачэнне штатаў ці залічваючы адміністратыўны арышт у прагулы. Belsat.eu сабраў некалькі гісторыяў палітычна матываваных звальненняў.
Марыя Чысцякова 8 гадоў працавала ў ДТСААФ – гэта дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне, якая курыруецца Саветам бяспекі. Між тым, на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года жанчына запісалася ў незалежныя назіральнікі. «Ужо тады нашаму старшыні пачалі тэлефанаваць з КДБ. Я тады ўзяла адпачынак, але майму непасрэднаму кіраўніку начальства выстаўляла прэтэнзіі: маўляў, навошта нам гэтыя праблемы?» – распавядае яна.
Марыя была назіральніцай на выбарчым участку, які размяшчаўся ў менскай гімназіі № 6, пісала скаргі на парушэнні. «Думаю, пра гэта сігналы на працу таксама ішлі», – дадае яна. Але праблемы ў Марыі пачаліся пазней: 12 лістапада яе затрымалі ў цэнтры Менску.
«Я тады паехала ў Міністэрства спорту, каб адвезці дакументы. Гэты быў чацвер, а па чацвяргах тады на плошчы Незалежнасці праводзілі акцыі пратэсту інваліды. Але калі я прыехала на плошчу Незалежнасці, то акцыі ўжо не было, людзі разышліся. Я проста сядзела на прыпынку, чакала аўтобуса № 100, каб вярнуцца на працу. Але тут пад’язджае бусік, і мяне затрымліваюць», – распавядае яна.
Марыю адвезлі ў Маскоўскі РУУС. Там жанчыне стала кепска, яе шпіталізавалі.
Завочна на Марыю склалі адміністратыўны пратакол паводле арт. 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах»). Суд так і не адбыўся: праз два месяцы ёй проста даслалі пастанову, што адміністратыўная справа закрытая, бо прайшоў тэрмін разгляду пратаколу.
Аднак з міліцыі на працу ўсё роўна даслалі ліст, што трэнерка была затрыманая як удзельніца несанкцыянаванай акцыі, і цяпер з ёй трэба правесці «прафілактычную гутарку».
«Мяне выклікалі да кіраўніцтва і паспрабавалі са мной пагутарыць. Але якая можа быць прафілактычная гутарка? Я ж ехала на грамадскім транспарце ў міністэрства, я выконвала загад свайго начальніка. Што я зрабіла не так? Нельга даручэнне начальства выконваць ці аўтобусамі карыстацца? Патлумачце, і тады я зраблю высновы. Карацей, размова не склалася. А старшыня сказаў: цяпер я вам давяраць не магу. Я ж раней, у прынцыпе, не хавала, на якім я баку», – кажа яна.
Марыі не працягнулі кантракту без тлумачэння прычынаў. «Да мяне не было прэтэнзіяў па працы. У мяне ж вельмі шмат грамат. Мае спартоўцы, за якіх я адказваю, медалі атрымлівалі, узнагароды. Цікава, што кожны год ДТСААФ узнагароджвае найлепшага трэнера і найлепшага спартоўца – і трэнер, і спартовец летась былі з майго віду спорту. А галоўнага трэнера каманды пры гэтым звольнілі», – канстатуе яна.
Кірыла затрымалі 10 студзеня 2021 года за ўдзел у дваравым маршы каля Партызанскага праспекту. Склалі адразу два пратаколы: 23.34 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») і 23.4 («Непадпарадкаванне міліцыі») КаАП. На наступны дзень у судзе Заводскага раёну суддзя Алена Капцэвіч пакарала яго 8 соднямі адміністратыўнага арышту, якія ён часткова адбываў у ізалятары на Акрэсціна, а часткова – у Жодзінскай турме.
«19 студзеня я выйшаў на працу. Прапрацаваў месяц, і 18 лютага мяне звольнілі. Увесь гэты месяц на мяне спрабавалі ціснуць: сыходзь на ўласнае жаданне, табе працаваць усё роўна не дадуць. Я адмовіўся. 18 лютага патэлефанавалі з аддзелу кадраў – сказалі, прыйдзі, распішыся і забяры працоўную кніжку».
Кірыла звольнілі з фармулёўкаю «прагул па няўважлівай прычыне» – менавіта так расцаніла кіраўніцтва адбыццё адміністратыўнага арышту. «Але ж я прынёс апраўдальныя дакументы, гэта не можа лічыцца прагулам», – падкрэсліў ён. Раней ніякіх спагнанняў на працы ў Кірыла не было. Агулам ён адпрацаваў на МТЗ тры гады.
Кірыл актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці з мінулай вясны.
«Кіраўніцтва ведала маю пазіцыю, я гэтага не хаваў. Захадзілі здалёку: маўляў, лепш ва ўсім гэтым не ўдзельнічаць, каб не было праблемаў. Але раней у адкрытую не пагражалі», – кажа ён.
Ніна Скрыпец была затрыманая 27 студзеня. Тады падчас «хапуна» ў віцебскім мікрараёне Тарны міліцыянты затрымалі 13 чалавек – іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Праз тры дні судзілі. Як адзначалі праваабаронцы, той працэс увойдзе ў гісторыю беларускага судаводства. Справы 13 чалавек аб’ядналі ў адну і разглядалі на выязным судовым паседжанні ў будынку Першамайскага РАУСу Віцебску. Суд, які пачаўся а 15-й гадзіне, цягнуўся да поўначы. Некалькі разоў суддзя Вераніка Барысава абвяшчала перапынкі, бо людзям рабілася блага, і яны прасілі выклікаць хуткую дапамогу. Частку затрыманых пакаралі адміністратыўным арыштам, частку – штрафамі. Ніну Скрыпец аштрафавалі на 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).
1 лютага Ніна выйшла на працу. Спачатку да яе прэтэнзіяў не было: «Усе спакойна, нармальна ўспрынялі. Ніякіх размоваў пра звальненне не было. Усе ведалі пра мае погляды, і затрымлівалі мяне не ў першы раз».
«У панядзелак-аўторак усё было нармальна. А ў сераду, калі я ўжо сышла дадому, на прадпрыемства прыехаў наш куратар з КДБ. Як мне потым распавялі ў аддзеле кадраў, ён прыйшоў да кіраўніцтва і сказаў, каб мяне прыбралі з заводу», – кажа Ніна.
Афіцыйна яе звальненне патлумачылі скарачэннем штатаў. Пры гэтым кіраўніцтва спасылалася на загад ад 1 лютага, хаця 1–3 лютага Ніна хадзіла на працу як звычайна, і ніхто ёй пра звальненне не казаў.
У дакуменце таксама адзначалася, што Ніне прапаноўваецца перавод на іншую пасаду. Аднак, па-першае, ёй прапанавалі пасаду з паніжэннем. Па-другое, пасада мусіла заставацца вольнай толькі да траўня, калі чалавек выйдзе з дэкрэтнага адпачынку. Па-трэцяе, непасрэдным начальнікам Ніны мусіў стаць ейны муж, які таксама працуе на прадпрыемстве. Аднак такога падпарадкавання на працы блізкіх сваякоў у прынцыпе быць не павінна. Таму ад пераводу Ніна адмовілася.
Ніну затрымлівалі і ў кастрычніку. Тады на завод прыйшоў ліст з пракуратуры, паводле якога кіраўніцтва мусіла правесці з працаўніцай прафілактычную размову. Фармальная размова адбылася, гэтым усё і абмежавалася.
Ужо пасля звальнення жанчыну зноў затрымалі – 25 сакавіка, на Дзень Волі, яе амаль 9 гадзінаў пратрымалі ў міліцыі.
Улетку-ўвосень Аляксандра ўдзельнічала ў акцыях пратэсту, але тады яе не затрымлівалі. Кіраўніцтва звярнула ўвагу на палітычныя погляды Аляксандры пасля таго, як Аляксандра напісала на працы заяву аб выхадзе за прафкаму:
«Гэта было яшчэ ў верасні. Калі мы размаўлялі з галоўнай лекаркай, чаму я выйшла з прафкаму, яна мне казала наўпрост: думай пра дзяцей. Ты што, не хочаш тут працаваць?»
Аляксандра ўспрыняла гэтую размову як пагрозу. Паводле жанчыны, спачатку яе пазбавілі надбаўкі да заробку, а кантракту, які канчаўся ў лютым, проста не працягнулі. У канцы снежня ёй паклалі апавяшчэнне на стол.
«Я пайшла да галоўнай лекаркі. Я была ў шоку. Чаму мне асабіста не сказалі, чаму не патлумачылі? Я мяркую, што такія рэчы неяк трэба абгрунтоўваць, а не проста кідаць апавяшчэнне».
Галоўная лекарка патлумачыла звальненне тым, што ва ўстанове адбываюцца кадравыя скарачэнні.
«Але звычайна ў выпадках скарачэнняў людзям або даюць кампенсацыю, або даюць дадатковую падпрацоўку на палову стаўкі, каб чалавек не губляў заробку. Чаму ж вы проста дачакаліся завяршэння майго кантракту? Але яна сказала: я галоўны лекар, я маю права».
Мужа Аляксандры пры канцы верасня арыштавалі за ўдзел пратэстах і асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі.
«З верасня я адна з двума дзецьмі, а з лютага яшчэ і без працы», – канстатуе жанчына.
ІІ belsat.eu