Еўразвяз плануе ўвесці супраць Беларусі новы пакет санкцыяў, які ў цэлым будзе паўтараць абмежавальныя захады, раней уведзеныя адносна Расеі. Аднак у дачыненні Беларусі будуць дзеяць выключэнні ў пытанні экспарту ўгнаенняў і харчоў – тыя ж, што і для Расеі. Пра гэта паведаміў брусельскі карэспандэнт радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк.
«Новая прапанова ЕЗ адносна санкцыяў супраць Беларусі шмат у чым адлюстроўвае некаторыя захады, ужо ўжытыя да Расеі: як забарона на наданне ІТ і кансалтынгавых паслуг, прадметаў раскошы, а таксама забарона на імпарт сталі і золата», – расказаў Рыкард Юзьвяк.
Але, як і ў выпадку з апошнім пакетам санкцыяў ЕЗ супраць Расеі, узгодненым у канцы 2022 года, адносна ўгнаенняў і харчоў з Беларусі прадугледжаны выключэнні.
Адзначаюць, што гэта робіцца «для далейшага развязання праблемаў харчовай бяспекі ў трэціх краінах» і што адносна асобаў, якія адыгрываюць «значную ролю ў міжнародным гандлі сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыяў, уключаючы пшаніцу і ўгнаенні», Брусель можа размарозіць іхныя актывы.
Паводле журналіста, гэта можа азначаць, што для беларускага бізнесоўца Івана Галаватага і расейскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, могуць адмяніць замарожванні актываў ЕЗ супраць іх.
Новы пакет санкцыяў супраць Беларусі стане першым з лета 2022 года.
Алена Рувіна belsat.eu