У Міністэрстве ўнутраных справаў заявілі, што напярэдадні Раства «прынялі падрыхтоўчыя захады ў запэўніванні бяспекі». Правапарадак у месцах набажэнстваў паабяцалі забяспечыць пешымі нарадамі міліцыі і аўтапатрулямі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Аляксандр Купчэня ў адмысловай заяве назваў набажэнствы на Раство «каляднымі мерапрыемствамі»:
«Галоўныя намаганні будуць накіраваныя на дапамогу арганізатарам калядных мерапрыемстваў і запэўніванне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзянаў, дарожнай бяспекі. Правапарадак у месцах набажэнстваў, а таксама на прылеглых тэрыторыях будзе забяспечаны пешымі нарадамі міліцыі і аўтапатрулямі».
Міліцыянт заклікаў людзей «праяўляць пільнасць, своечасова інфармаваць супрацоўнікаў аб падазроных асобах або пакінутых без нагляду прадметах».
Да захадаў сілавікоў Купчэня папрасіў паставіцца з разуменнем:
«Вялікая просьба выконваць вызначаны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, не дапускаць парушэнняў існага заканадаўства».
7 студзеня Раство святкуюць цэрквы, што трымаюцца юліянскага календара: напрыклад, Грузінская, Іерусалімская, Польская, Расейская і Сербская праваслаўныя цэрквы. Украіна ўпершыню сустрэла свята 25 снежня паводле новаюліянскага календара.
Сцяпан Кубік belsat.eu