Перадачы не прымаюць «праз каронавірус», а нядопуск адвакатаў тлумачаць штодзень па-рознаму.
Берасцейскія праваабаронцы «Вясны» паведамілі 5 ліпеня, што ў ізалятары часовага ўтрымання ў Берасці спынілі прыём перадачаў для зняволеных «у сувязі з выкананнем эпідэміялагічных мерапрыемстваў па захворванні каронавіруснай інфекцыяй». Калі прыём перадачаў адновяць, адміністрацыя не паведаміла.
Акрамя таго, тры дні да зняволеных не пускалі адвакатаў: у пятніцу казалі, што праз перазменку персаналу, у суботу – што праз недахоп пакояў для размоваў з адвакатамі і праз дэзынфекцыю памяшканняў, у нядзелю – праз паўторную дэзынфекцыю.
«Дадзеныя ўмовы падобныя да фактычнай забароны адвакацкай дапамогі для тых, хто быў затрыманы 2 ліпеня», – мяркуюць праваабаронцы.
З чым былі звязаныя затрыманні больш як двух дзясяткаў чалавек у Берасцейскай вобласці напярэдадні афіцыйнага Дня незалежнасці, невядома. Некаторых затрыманых у той дзень адпусцілі праз тры дні без складання пратаколу, але некаторых пачалі судзіць, некаторых без рашэння суду «перазатрымалі» на яшчэ тры дні (вядома пра Васіля Рэчкіна і Святлану Кудынюк). Пакуль вядомы адзін прысуд: Ірыну Бандарэнку арыштавалі на 10 дзён за «Парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства» за тое, што стаяла са цягам каля чыгункі.
АА belsat.eu