«Трэба раздзяляць тых, хто звяртаўся ў КДБ да жніўня 2020 года і пасля». Хто і чаму прапаноўваў КДБ супрацу?


Апублікаваны «Кіберпартызанамі» архіў паведамленняў у Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі проста гіганцкі: 39 561 ліст за амаль 10 гадоў. Ёсць і сапраўдныя даносы, і прапановы аб супрацы – «Белсат» знайшоў чалавека, якому на прапанову адказалі. Ды ў архіве нямала паведамленняў зусім не пра даносы, істотная частка лістоў – ад відавочных вар’ятаў.

Малюнак згенераваны нейрасеткай
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Шпіён, які піша ў КДБ, ва ўяўленні штучнага інтэлекту «Copilot».
Выява: Dall-E / Bing.com

Хто напісаў 40 тысяч даносаў? А ніхто: даносаў куды менш

Пасля таго, як «Кіберпартызаны» апублікавалі базу паведамленняў у Камітэт дзяржаўнай бяспекі, многія ў байнэце адзначалі: «Рэжым-та кепскі, але хтосьці ж напісаў 40 тысяч даносаў за 10 гадоў». Ды сапраўдных даносаў істотна менш, чым паведамленняў у базе.

Немалая частка паведамленняў у базе – просьбы дапамагчы ў пошуку звестак пра рэпрэсаваных сваякоў. Яшчэ немалая частка – просьбы спыніць забарону на выезд ці негалосную забарону на працаўладкаванне.

Ёсць у архіве і тыя, хто з КДБ смяюцца або спрабуюць пераканаць выконваць законы.

Так, адно паведамленне напісанае ад імя расейскага апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага – аўтар спрабуе пераканаць КДБ «вывесці з гульні» баевікоў групы Вагнэра, якія заселі ў Беларусі перад выбарамі-2020, прапануе пісаць у «Фонд барацьбы з капупцыяй». Яшчэ адно – ад імя Антона Матолькі з просьбай пачытаць расследаванне Эдуарда Пальчыса і правесці адпаведную праверку. Яшчэ адно – ад імя цяпер зняволенага Аляксандра Фядуты, які нагадвае КДБ пра загадкавую даносчыцу «фраў А.» ў «справе Белага Легіёну»…

Акрамя таго, у архіве ёсць 165 з’едлівых паведамленняў з напамінамі пра адказнасць за злачынствы напісаныя ад імя саміх «Кіберпартызанаў».

Hавiны
У базе даносаў КДБ знайшлі яшчэ адную кандыдатку ў Каардынацыйную раду – ці проста цёзку?
2024.05.02 13:05

Значная частка архіву – паведамленні вар’ятаў

Адзін, напрыклад, мае назіранні і высновы па Аравійскім паўвостраве, цэнах на энергарэсурсы і лёсе Беларусі, сем разоў за чатыры гады высылаў у КДБ адну і тую ж карцінку, якая ўсё тлумачыць. Але КДБ, падобна, не зацікавілася.

Другі бачыць насоўванне апакаліпсісу і ведае, як уратаваць Беларусь, а таксама крытыкуе КДБ за тое, што ўпусцілі магчымасць атручвання першых асобаў дзяржавы праз туалетную паперу. Ён пісаў у КДБ 18 разоў.

Трэці ведае пра міжнародную змову, заяўляе пра спробы яго забіць і паведамляе… слаба звязаны набор словаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў на ангельскай мове. І так 50 разоў.

Чацвёрты заяўляе, што гэта ён аўтар ідэі пакемонаў, прапануе Лукашэнку або КДБ стварыць разам новую відэагульню ў жарны «сцай-фай», таксама прапануе аддаць яму 25 % абарончага рынку краіны і свету, а рэшту падзяліць між КДБ, ФСБ і кіраўніцтвам Расеі і Беларусі. Ён жа падазрае брата ў падрыхтоўцы біялагічнай дыверсіі праз тое, што брат разводзіць афрыканскіх слімакоў, і вінаваціць бацьку ў арганізацыі выбуху ў вайсковай часты праз «метад фэн-шуй». Агулам ён пісаў у КДБ 58 разоў.

Пяты – у кантакце з космасам і гуманоідамі з планеты Нібіру, якія замяняюць людзей на двайнікоў, ствараюць на Зямлі прыродныя катастрофы і эпідэміі, распальваюць войны, чыпуюць зямлянаў. Нярэдка проста перасылае навіны расейскіх медыяў. На ягоным рахунку аж 3187 зваротаў у КДБ.

І гэта няпоўны спіс людзей, якім відавочна патрэбная дапамога, але не ад КДБ, а ад лекараў. Падобна, ад такіх людзей – ніяк не менш за дзясятую частку ўсіх паведамленняў у архіве.

Агляд
«Нясуць інфармацыю разладу», «фабрыка фальшывых чутак»: што пра «Белсат» пісалі ў КДБ?
2024.05.01 17:56

Супрацу КДБ прапаноўвалі не менш за сотню чалавек

У базе, вядома, ёсць і сапраўдныя палітычныя даносы на суседзяў, калегаў, выкладчыкаў, выпадковых людзей у інтэрнэце. А таксама ёсць шмат прапановаў аб супрацы і просьбаў аб працаўладкаванні. «Белсату» ўдалося знайсці ў базе сотню такіх паведамленняў – як вар’яцкіх, так і сур’ёзных.

Хтосьці просіць аб супрацы, бо супраць яго «сфабрыкавалі справу», а ва ўрадзе Беларусі працуюць «жахлівыя людзі». Хтосьці выйшаў на пенсію, але шукае новую працу, а хтосьці толькі скончыў універсітэт і шукае размеркавання. Хтосьці аднаўляецца пасля страты памяці, бо «зашмат ведаў», і гатовы вярнуцца да супрацы з КДБ. Хтосьці просіць супрацы ў супрацьдзеянні дэмакратычным сілам, хтосьці – дзеля вызвалення з турмы.

Хтосьці прапануе супрацу без удакладненняў або «ў інтарэсах Радзімы», а хтосьці прапануе папрацаваць на беларускі КДБ з Расеі, Украіны, Польшчы, Швецыі, Злучаных Штатаў і іншых краінаў.

Ёсць і лісты на адваротную тэму: з просьбамі спыніць супрацу, пры чым ад некаторых – не адзін такі ліст.

Разбор
Хто і за што ў 2019–2020 гадах пісаў даносы ў КДБ на Бабарыку, Цапкалу і Ціханоўскага
2024.04.29 20:46

КДБ сапраўды адказвала

«Белсат» паспрабаваў звязацца з тымі, хто нядаўна пісаў у Камітэт дзяржаўнай бяспекі, па кантактах, пазначаных у лістах. Дзясятак спробаў быў беспаспяховы: нумар несапраўдны, абанент недасяжны або проста не здымае слухаўку.

Два чалавекі сказалі, што іх зваць не так, як напісана ў базе КДБ. Яшчэ адзін сказаў, што яго зваць сапраўды так і што электронная пошта, пазначаная ў звароце ў КДБ, сапраўды ягоная, толькі ў КДБ ён не звяртаўся, а той поштай даўно не карыстаецца.

Але адзін чалавек прызнаў: так, зварот у КДБ з прапановай супрацы пісаў. Той зварот быў напісаны летам 2020 года. І на яго адказалі прапановай, але не аб працаўладкаванні, бо аўтар звароту не служыў у войску, а «хутчэй проста недзе нешта паназіраць».

«Са мной звязваўся ўчастковы, але пасля гэтага ўсё: ніякай супрацы, нічога такога не было, – расказаў ён. – Была прапанова, але я ад яе адмовіўся. І, наколькі я разумею, яна была адрасаваная з універсітэту, у якім я вучыўся.

У прынцыпе чаму я гэты зварот напісаў. У гэтым годзе я скончыў універсітэт і мне хадайніцтваў адзін з кіраўнікоў майго факультэту, што можна працягнуць працу ў шэрагах Камітэту і такім чынам пазбегнуць вайсковага прызыву.

Але сітуацыя, зразумела, змянілася літаральна праз пару месяцаў. Усе мы цудоўна ведаем, што адбылося. Таму не, далей ніякіх камунікацыяў, нічога не было».

На думку суразмоўцы, канал сувязі, паведамленні з якога выцягнулі «Кіберпартызаны», сапраўды працаваў, і іншыя людзі, якія туды звярталіся, цалкам маглі атрымаць больш плённую зваротную сувязь.

Ён таксама заклікае раздзяляць тых, хто звяртаўся ў КДБ да жніўня 2020 года і пасля – вось да тых, хто звяртаўся пасля жнівеньскіх падзеяў «могуць быць пытанні», адзначае суразмоўца.

Каментар
Не ўсё тое даносы, што пішуць у КДБ, але педагагічны эфект можа быць. Эксперты пра зліў ад «Кіберпартызанаў»
2024.04.29 18:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў