Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб экспарце беларускіх тавараў і заявіў пра неабходнасць паскорыць будаўніцтва партоў у Расеі. Ён сказаў, што «ў нас няма часу чакаць, пакуль пабудуецца інфраструктура ў нейкім порце», перадае агенцтва БелТА.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што праз санкцыі была парушаная лагістыка экспартных паставак. Асаблівыя надзеі ўлады маюць на парты ў Расеі. Лукашэнка заявіў, што развязаў з Уладзімірам Пуціным усе праблемы, абумоўленыя гэтым: ужо выкарыстоўваецца расейская інфраструктура і будуюцца беларускія парты.
«Сёе-тое мы ўжо пачалі грузіць. Трэба хутчэй будаваць гэтыя парты, даводзіць да вызначанага ўзроўню і гандляваць ужо праз уласныя парты. У нас няма часу чакаць, пакуль пабудуецца тая ці іншая інфраструктура ў нейкім порце. Гаворка ідзе сёння перш за ўсё аб паўночна-заходнім рэгіёне Расейскай Федэрацыі», — сказаў палітык.
Ён прапанаваў «мяхамі грузіць» экспартную прадукцыю, пакуль трывае будаўніцтва беларускіх партоў.
«Я так вобразна часта кажу, пакуль будзем будаваць, мяхамі будзем грузіць. Натуральна, 12 мільёнаў тонаў і больш мяшкамі не загрузіш, але, тым не менш, гэта сведчыць аб тым, што мы ўжо сёння мусім літаральна на кожным свабодным квадратным метры расейскіх партоў грузіць свае тавары», — заявіў Лукашэнка.
Напачатку 2022 года Літва перастала прымаць цягнікі з беларускім ўгнаеннем для порту ў Клайпедзе — праз гэты тэрмінал ішоў амаль увесь экспарт «Беларуськалію», каля 10–11 мільёнаў тонаў на год. Яшчэ раней прыпыніўся экспарт праз Клайпеду беларускіх нафтапрадуктаў. У Менску вырашылі наладзіць пастаўкі праз расейскія парты.
Сяргей Крот belsat.eu