Лукашэнка ўнёс змяненні ва Ўказ «Аб пытаннях вонкавай выведкі», выдадзены яшчэ ў 2003 годзе. У новыя абавязкі беларускіх выведнікаў уключанае перадухіленне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі з боку спецыяльных службаў і арганізацыяў замежных дзяржаваў.
Новы ўказ аб выведцы быў апублікаваны 4 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Згодна з ім, вонкавая выведка цяпер абавязаная клапаціцца аб выключэнні «раптоўнасці ўзнікнення за межамі Беларусі пагрозаў нацыянальнай бяспецы» і своечасовым забеспячэнні «кіраўніцтва краіны неабходнай інфармацыяй для прыняцця адпаведных рашэнняў».
Выведка абавязаная рэалізоўваць меры, каб не дапускаць шкоды нацыянальным інтарэсам і бяспецы Рэспублікі Беларусі «з боку спецыяльных службаў і арганізацыяў замежных дзяржаваў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацыяў, арганізаваных злачынных групаў і асобных асобаў». Што за меры павінны прадпрымаць выведнікі, не канкрэтызуецца.
У мэтах сваёй працы выведнікі змогуць ствараць «легендаваныя арганізацыі», падраздзяленні, аператыўныя ўлікі, даведачныя, інфармацыйныя сістэмы і электронныя інфармацыйныя рэсурсы.
Фінансавацца праца выведкі будзе з рэспубліканскага бюджэту і іншых крыніцаў, не забароненых заканадаўствам.
Марыя Міхалевіч belsat.eu