У вёсцы Мікулішкі за 18 кіламетрах ад Ашмянаў былі знішчаныя магілы салдатаў Арміі Краёвай. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» польскі палітык Робэрт Тышкевіч са спасылкай на віцэ-старшыню Саюзу палякаў у Беларусі Марэка Занеўскага. Пра знішчэнне мемарыялу паведаміў таксама сайт СПБ «Głos znad Niemna».
Робэрт Тышкевіч размясціў таксама фотаздымкі са свежым пяском замест помніку і магільных плітаў. Іншай інфармацыі пра здарэнне пакуль няма.
Робэрт Тышкевіч зазначыў, што на знішчэнне мемарыялу павінны адрэагаваць польскія ўлады.
Мемарыял у Мікулішках – гэта магілы салдатаў 1-й, 3-й і 6-й брыгадаў Арміі Краёвай Віленскай акругі, якія загінулі ў 1944 годзе. У цэнтры мемарыялу быў усталяваны крыж, паабапал якога – 22 крыжы ў два шэрагі з імёнамі палеглых.
Мемарыял быў адкрыты і асвечаны ў чэрвені 1992 года. Доўгі час ім апекавалася жыхарка Мікулішак Юзэфа Пяткевіч, а ў апошнія гады – актывісты СПБ з Ашмянаў і Смаргоні.
Марыя Міхалевіч belsat.eu