Інстытут вывучэння вайны пацвердзіў, што найміты ПВК Вагнэра ў ноч на 2 красавіка захапілі будынак гарадской адміністрацыі Бахмуту. Хутчэй за ўсё, яны працягнуць спробу кансалідаваць кантроль над цэнтрам гораду, гаворыцца ў чарговай справаздачы.
Аналітыкі ISW напісалі, што 2 красавіка кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын вывесіў расейскі сцяг насупраць будынку адміністрацыі Бахмуту і заявіў, што горад «юрыдычна пад іх кантролем». Пры гэтым украінскія вайскоўцы застаюцца ў заходняй частцы Бахмуту. 3 красавіка былі апублікаваныя відэазапісы з беспілотніка, на якіх бачныя сцягі ПВК і Расеі, вывешаныя над абломкамі разбуранага адміністрацыйнага будынку.
«Група Вагнэра, хутчэй за ўсё, працягне спробы кансалідаваць кантроль над цэнтрам Бахмуту і паспрабуе прасунуцца на захад да Хромавага», – гаворыцца ў справаздачы ISW.
Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны таксама пракаментавалі рэакцыю ў Расеі на забойства прапагандыста Уладлена Татарскага. Адзінай «генеральнай лініі» стварыць не атрымалася, адзначаюць эксперты:
«Расейскія вайсковыя блогеры, хутчэй за ўсё, будуць усё часцей крытыкаваць вынікі расследавання. Адсутнасць цэласнага наратыву ў прарасейскай інфармацыйнай прасторы нагадвае рэакцыю на паспяховы контрнаступ Украіны ў Харкаўскай вобласці ўвосень 2022 года».
Сяргей Крот belsat.eu