У Арменіі затрымалі беларуса, якога вышукваюць за ўхіленне ад войска


У Арменіі пры перасячэнні мяжы з Грузіяй затрымалі грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава. Яму пагражае дэпартацыя на радзіму і крымінальная справа за ўхіленне ад службы ў войску. Пра гэта паведамляе «Вот Так».

Участак армянскай паліцыі ў горадзе Наембяран.
Фота: vot-tak.tv

Беларус Яраслаў Новікаў да апошняга часу жыў у Грузіі – пры гэтым у Беларусі на яго заведзеная крымінальная справа за ўхіленне ад абавязковай вайсковай службы. Ён збіраўся з Грузіі з’ехаць жыць і працаваць у Балгарыю, але не атрымаў у Тбілісі візу. Балгарскае прадстаўніцтва параіла яму вярнуцца ў Беларусь і паспрабаваць зноў ужо адтуль. Аднак праз магчымыя рызыкі беларус вырашыў паўторна падацца на візу ў Арменіі.

Новікаў 2 лютага выехаў у Арменію, але на армянскім баку яго затрымала памежная служба, бо высветлілася, што Менск абвясціў мужчыну ў міждзяржаўны крымінальны вышук СНД.

Актывіст Леанід Сасноўскі дапамог затрыманаму знайсці праваабаронцу ў Арменіі – юрыста Хельсінкскай асацыяцыі ў Арменіі Араіка Папікяна. Новікаву далі магчымасць пабачыцца з юрыстам, а таксама патэлефанаваць сваякам. Тэрмін затрымання быў працягнуты з 3 да 72 гадзін з-за «марудлівасці бюракратычнай машыны».

Беларускі бок адправіў у Арменію заключэнні следчага і пракурора пра пачатую крымінальную справу на Новікава, а таксама пра яго вышук. 3 лютага ў справе Новікава быў прызначаны пракурор. Адвакат Папікян адзначыў, што затрыманне паводле заканадаўства Арменіі «неправамоцнае», таму беларус павінен быць вызвалены. Аднак пракурор адмовіў у дасудовым вызваленні.

Над затрыманым 4 лютага а 12:00 (паводле мясцовага часу) адбудзецца суд, які вырашыць, выконваць патрабаванні Менску на экстрадыцыю ўхіліста на радзіму ці не. Папікян «амаль упэўнены», што запыт будзе адхілены і малады чалавек выйдзе на волю. З гэтым згодны і праваабаронца Артур Сакунц.

Hавiны
У Арменіі вызвалілі затрыманага за дэзерцірства расейца
2023.04.10 22:10

7 красавіка 2023 года ў Ерэване паліцыянты затрымалі грамадзяніна Расеі, якога ў РФ абвінавацілі ў дэзерцірстве і абвясцілі ў вышук. Маладога чалавека арыштавалі, адпаведна пра гэта паінфармавалі расейскі бок. Але пасля расейца адпусцілі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў