У Нацыянальным аэрапорце «Менск» з прычыны снегападу затрымліваюцца рэйсы. Гэта можна ўбачыць на онлайн-табло на сайце аэрапорту.
Гэтак, адзін рэйс у Маскву адправіўся а 08:15 замест 07:45, а іншы – у 15:45 замест 15:25. Самалёт, які мусіў паляцець у Чарапавец а 14:05, перанеслі на 15:15. Таксама і рэйс у Стамбул перанесены больш як на гадзіну – з 16:55 на 18:00.
Апроч таго, са спазненнем прыбывалі ў Менск рэйсы з Калугі і Масквы.
Спазненні ў адпраўленні рэйсаў праз умовы надвор’я фіксаваліся таксама 27 лістапада. Тады, напрыклад, больш як на гадзіну адклалі рэйс Масква – Менск, а для галоўнага аэрапорту Беларусі запасным аэрадромам стаў аэрапорт у Гомлі.
Праз моцны снег цяжкасці, скасаванні і спазненні рэйсаў фіксуюцца таксама ў іншых краінах Еўропы.
3 снежня на тэрыторыі Менскай вобласці міліцыя абвесціла план «Надвор’е». На дарогах працуе тэхніка па ўборцы снегу, праезная частка апрацоўваецца пясчана-саляной сумессю. Міліцыя рэкамендуе не абганяць снегаўборачную тэхніку, выбіраць бяспечную хуткасць і не дапускаць рэзкіх манеўраў.
У МНС паведамляюць пра пагрозу абрыву лініяў сувязі і электраперадач, рызыку падзення дрэваў і абвальвання дахаў будынкаў.
Якуб Хруст belsat.eu