Выданне «The Economist» 1 лістапада апублікавала інтэрв’ю галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага, у якім ён шчыра прызнаецца, што сітуацыя на фронце зайшла ў тупік, а працяглая пазіцыйная вайна выгадная Расеі, а не Украіне. Пра што сведчаць гэтыя заявы і чаму надзеі на ўкраінскі контрнаступ у 2023 годзе не спраўдзіліся?
Нельга сказаць, што словы галоўнакамандуючага ЗСУ самі па сабе сталі адкрыццём або сенсацыяй: пра пазіцыйны тупік медыі і вайсковыя эксперты шмат пісалі і раней. Аднак упершыню гэтыя праблемы былі агучаны на такім высокім узроўні, прычым без усялякіх спробаў падсаладзіць горкую пілюлю. Раней прадстаўнікі афіцыйнага Кіева казалі пра «адхіленне ад графіку» контрнаступу, але ў прынцыпе не ставілі пад сумнеў, што сітуацыя развіваецца ў правільным кірунку.
Хутчэй за ўсё, заява Залужнага абумоўлена тым, што далей цягнуць з публічным прызнаннем рэальнасці ўжо было немагчыма. З пачатку контрнаступлення мінула ўжо амаль 5 месяцаў і за гэты час украінскія вайскоўцы прасунулася ўсяго на 17 кіламетраў. У кастрычніку Расея распачала наступальную аперацыю з мэтай атачэння Аўдзееўкі, прымусіўшы ЗСУ дадаткова аслабіць паўднёвы напрамак. У сітуацыі, калі страта Аўдзееўкі выглядае больш рэальным сцэнаром, чым прарыў да Такмаку, працягваць настойваць на тым, што сітуацыя развіваецца ў правільным кірунку было б проста недарэчна. І ўкраінскае грамадства, і міжнародная супольнасць мелі патрэбу ў больш цвярозай ацэнцы сітуацыі, і Залужны гэта зрабіў.
«Я думаю, што генерал Залужны мае рацыю. Мы неаднаразова пра гэта гаварылі, у тым ліку на пасяджэннях Стаўкі, што патрэбны новыя падыходы», – заявіў на наступны дзень сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў.
Заявы Залужнага не азначаюць, што Украіна цяпер адмовіцца ад наступальных дзеянняў (як вынікае з апошняй зводкі Генштабу, атакі на мелітопальскім кірунку трываюць). Разам з тым, першапачатковы план аперацыі, хутчэй за ўсё, страціў сэнс, і кіраўніцтва ўкраінскай арміі гэта дэ-факта прызнае.
Актывізацыя ЗСУ на левым беразе Дняпра, дзе ўкраінцы ўтрымліваюць невялікі плацдарм, выглядае спробай знайсці новыя рашэнні, якія дапамогуць пераадолець пазіцыйны тупік. Што з гэтага атрымаецца пакуль сказаць цяжка. Але цяпер украінскае кіраўніцтва яўна хоча пазбегнуць папярэдніх памылак і не збіраецца ствараць завышаных чаканняў.
У інтэрв’ю «The Economist» Залужны прызнаўся: спачатку планавалася, што падчас контрнаступу ЗСУ павінны былі б прасоўвацца з хуткасцю 30 км за дзень. Пры такіх тэмпах за чатыры месяцы можна было б дайсці да Крыму і адваяваць яго. Такім чынам, калі кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў у свой час прагназаваў, што баявыя дзеянні закончацца ў 2023 годзе, то гэта не быў проста папулізм – кіраўніцтва Украіны сапраўды на гэта разлічвала.
З дакументаў Пентагону, злітых у сеціва вясной 2023 году, вынікала, што аналітыкі амерыканскай выведкі не раздзялялі падобнага аптымізму: паводле іх высноваў, у Украіны нават з улікам заходняй дапамогі не будзе дастаткова войскаў і тэхнікі для разгрому Расеі.
Адкуль тады ўзяліся настолькі завышаныя чаканні ад контрнаступу? Адказ відавочны: разлікі базаваліся на выніках аперацыяў 2022 году.
Цягам першых 10 месяцаў вайны Украіна здолела вызваліць 40 % акупаваных тэрыторыяў. Падчас контрнаступу ЗСУ на Харкаўшчыне ў верасні 2022 году тэмпы былі проста ашаламляльныя: тады за тыдзень было вызвалена 3,8 тыс. кв. Прычым зроблена гэта было, калі ў ЗСУ яшчэ не было ні найноўшых зенітных сістэмаў, ні сучаснай бранятэхнікі, ні дастатковай колькасць боепрыпасаў. Лагічна было дапусціць, што, атрымаўшы новую зброю і тэхніку, Украіна працягне вызваляць свае землі як мінімум тымі ж тэмпамі.
Менавіта таму нараканні на тое, што ў ЗСУ не хапае рэсурсаў і Расея захоўвае бясспрэчную перавагу ў некаторых відах узбраення, не з’яўляецца вычарпальным. Чаму ў 2022-м пры значна больш неспрыяльным тэхнічным разрыве ЗСУ паспяхова наступала, а ў 2023-м – топчуцца на месце?
Справа ў тым, што расейскае войска за год вайны прадэманстравала здольнасць адаптавацца і вучыцца на сваіх памылках. Пасля паразаў на Харкаўшчыне і Херсоншчыне восенню 2022-га Расея адмовілася ад шапказакідальніцкага стаўлення да праціўніка. Эксперты Брытанскага інстытуту абаронных даследаванняў (RUSI) яшчэ напярэдадні ўкраінскага контрнаступу папярэджвалі, што расейскім войскам удалося выправіць многія свае недахопы. У прыватнасці, яны эфектыўна адаптавалі да новых рэаліяў выкарыстанне авіяцыі, значна ўдасканалілі СПА і РЭБ, памянялі тактыку бранятэхнікі і артылерыі. Расейцы таксама хутчэй за ўкраінцаў прыстасаваліся і да новай тэндэнцыі – масавага выкарыстання малых дронаў.
Расейскае войска больш не разлічвала на бліцкрыг, а старанна акопвалася на занятых рубяжах. Пакуль ЗСУ планавала контрнаступ, Расея стварала на ключавых кірунках шчыльныя мінныя палі і будавала магутныя фартыфікацыйныя збудаванні, якіх у Еўропе ніхто не бачыў з часоў сусветных войнаў. У выніку высветлілася, што «Брэдлі», «Леапарды» і «Чэленджэры», якія маглі б адыграць ключавую ролю ў выпадку прарыву фронту і выхаду на аператыўную прастору, пры атаках на эшаланаваную абарону не забяспечваюць вызначальнай перавагі.
Прычым такі старанны падыход з боку Расеі трывае дасюль. На гэтым тыдні галоўны рэдактар украінскага выдання «Цензор.НЕТ» Юрый Бутусаў звярнуў увагу на цікавыя кадры, знятыя авіявыведкай пад Аўдзееўкай: расейцы там атакуюць, але для замацавання на новых пазіцыях адразу засяроджваюць бліз перадавой цывільную інжынерную тэхніку, якая хутка будуе магутныя апорныя пункты, у тым ліку з бетону.
Нарэшце паміж вызваленнем Харкаўшчыны і контрнаступам 2023 году адбылася яшчэ адна важная падзея: Расея правяла мабілізацыю, якая дазволіла вырашыць праблему дэфіцыту асабовага складу на фронце. Прычым мабілізаваны кантынгент меў каля 8 месяцаў, каб адаптавацца да франтавых рэаліяў – то бок той, хто выжыў у першыя месяцы, на момант контрнаступу быў ужо паўнавартасным салдатам, а не ўчорашнім клеркам ці менеджарам.
Можа ўзнікнуць пытанне: ці варта было Украіне чакаць заходнюю тэхніку і адцягваць контрнаступ да чэрвеня 2023 года, даўшы расейцам столькі часу на адаптацыю і падрыхтоўку? Адказу на гэтае пытанне няма, бо ніхто цяпер не можа дакладна сказаць, у якім стане ЗСУ знаходзіліся ў канцы 2022 году – ці былі ў іх увогуле магчымасці працягваць наступальныя аперацыі.
Няма адназначнага адказу і на тое, наколькі абгрунтаванай увогуле была стратэгія кампаніі 2023 года. У медыях Уладзіміру Зяленскаму не раз ставілі ў віну тое, што ён спачатку да апошняга спрабаваў абараніць Бахмут, бессэнсоўна марнуючы ўкраінскія рэсурсы, а потым ЗСУ распачалі на гэтым кірунку абмежавальную контрнаступальную аперацыю, хаця гэтыя сілы больш патрэбныя былі на поўдні. Украінскае кіраўніцтва з гэтымі высновамі не пагаджалася і настойвала, што баі за Бахмут увесь год знясільвалі рэсурсы РФ і распылялі іх рэзервы (у значнай ступені гэта сапраўды так). Імаверна, мы толькі пасля завяршэння вайны даведаемся, каго Бахмут знясілеў болей і як гэта паўплывала на контрнаступ 2023 году.
Сутыкаліся ЗСУ і з арганізацыйнымі праблемамі. У ліпені група найбольш аўтарытэтных заходніх вайсковых экспертаў правяла падрабязны аналіз летняга контрнаступу і прыйшла да высновы, што ўкраінскія вайскоўцы яшчэ не дастаткова добра асвоілі майстэрства складаных агульнавайсковых аперацыяў – то бок формы бою, калі падраздзяленні розных радоў войскаў шчыльна каардынуюць і сінхранізуюць свае дзеянні. На думку экспертаў, аперацыі адбываліся хутчэй паслядоўна, чым сінхранізавана. І гэты недахоп нават важнейшы за праблему мінных палёў і абмежаванасці агнявой моцы ўкраінскай арміі.
Залужны ў інтэрв’ю «The Economist» адназначна выдзяляе галоўную прычыну цяперашняга пазіцыйнага тупіку: як і ў Першую сусветную вайну, развіццё тэхналогіяў уводзіць у ступар абодва бакі канфлікту. Тады фронт «замарозіла» масавае з’яўленне ў войсках кулямётаў, цяжкай артылерыі і авіяцыі. Цяпер – масавае выкарыстанне малых дронаў, якія здольныя ў лічаныя хвіліны выявіць канцэнтрацыю сілаў праціўніка, і высокадакладнай зброі, якая можа адразу гэтыя групоўкі знішчыць.
«Сёння калону танкаў або калону наступаючых войскаў можна выявіць за 3–5 хвілін і паразіць яшчэ за 3 хвіліны. Выжывальнасць на маршы – не больш за 10 хвілін», – казаў нядаўна прадстаўнік ГУР Вадзім Скібіцкі.
Дасягнуць эфекту нечаканасці ў такіх умовах немагчыма, а любое масіраванае выкарыстанне бранятэхнікі прыводзіць толькі да аднаго – шакавальных стратаў.
«Просты факт заключаецца ў тым, што мы бачым усё, што робіць вораг, а ён бачыць усё, што робім мы», – падкрэсліў Залужны.
Выйсці з цяперашняга тупіку, на думку Залужнага можна ў тым выпадку, калі:
Нарэшце, Украіне неабходна засяродзіцца на сучасных метадах кіравання, хутчэй прымаць рашэнні, а таксама палепшыць забеспячэнне, парушаючы пры гэтым забеспячэнне расейскіх войскаў з дапамогай ракет далёкага радыусу дзеяння.
Такім чынам, сітуацыя, паводле Залужнага, не выглядае бязвыхаднай, але і простых рашэнняў яна не прадугледжвае.
Большасць умоваў выхаду з пазіцыйнага тупіку, якія былі пазначаны генералам, апелююць да дапамогі Захаду. Заходнія пастаўкі ў 2022-2023 гг. дазволілі ЗСУ паводле шэрагу паказнікаў зраўняцца з расейскім войскам, ці прынамсі скараціць разрыў. Спачатку камусьці здавалася, што і гэтага можа хапіць для перамогі. Цяпер Залужны фактычна заяўляе: не, не хопіць – патрэбны тэхналагічны прарыў і дамінаванне.
Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі на наступны дзень адзначыў, што артыкул «The Economist» падкрэслівае важнасць падтрымкі Украіны і «нам было б значна прасцей гэта зрабіць, калі б Кангрэс прыняў дадатковае фінансаванне для падтрымкі Украіны». Нагадаем, у канцы кастрычніку прэзідэнт Джо Байдэн запрасіў для Украіны ў Кангрэса $61,4 млрд і пакуль невядома, як складзецца лёс гэтага запыту.
Цяпер заявы Залужнага могуць стаць дадатковым аргументам Белага дому ў спрэчках з Кангрэсам: калі шкадаваць грошай Украіне, то ў вайне пераможа Расея. У гэтым сэнсе не выключана, што Залужны мог троху згусціць фарбы ў сваіх заявах, каб абудзіць амерыканскі істэблішмент.
Глеб Нержын belsat.eu