news
Рэпартаж

«Мяжа – дадатковая цікавінка». Як жыве польскі курорт ля самой Расеі

Пастанавілі паглядзець, як жыве польскае курортнае мястэчка ля самой расейскай мяжы.
01.06.202406:10

У траўні ўлады Расеі заявілі пра неактуальнасць сваіх межаў у Балтыйскім моры з суседнімі Польшчай, Літвой і Фінляндыяй. Карэспандэнты «Белсату» пастанавілі паглядзець, як жыве польскі курортнае мястэчка ля самой расейскай мяжы. У тым ліку каля яго ў РФ убачылі неактуальнасць межаў.

Выгляд на Віслінскую затоку ў Крыніцы-Морскай. Крыніца-Морска, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Крыніца-Морска – курортнае мястэчка з 1172 жыхарамі на вузкай касе ў Балтыйскім моры ля самой мяжы з Калінінградскаю вобласцю Расеі. Ужо ў самой геаграфіі гэтага памежжа адчуваюцца супярэчнасці, што існуюць паміж Польшчай і РФ. У польскай мове каса называецца Віслінскай, а ў расейскай – Балтыйскай, і аддзяляе яна мора адпаведна ад Віслінскай або Калінінградскай затокі. Дарэчы, і самому Калінінграду ў польскай мове з нядаўняга часу вярнулі яго мясцовую гістарычную назву – Крулевец (беларускі Каралявец).

Ад расейскага Балтыйску Крыніцу-Морску наўпрост аддзяляюць 20–25 кіламетраў. І калі з польскага боку каса – папулярны турыстычны кірунак, то з расейскага трапіць на яе замежнікам не так і проста. Згодна з турыстычным парталам Калінінградскай вобласці, расейская частка касы адносіцца да тэрыторыяў з рэгламентаваным рэжымам наведвання для замежных грамадзянаў, які патрабуе адмысловых дазволаў. Прычына гэтага – у самым Балтыйску, дзе размешчаная Балтыйская вайскова-марская база Балтыйскага флоту РФ – найбуйнейшая база ВМФ Расеі на Балтыйскім моры.

Дарэчы, 21 траўня сталася вядома, што Міністэрства абароны Расеі лічыць неактуальнымі межы ў Балтыйскім моры з 1985 года і прапануе іх змяніць у аднабаковым парадку. Цяперашнія межы нібыта не адпавядаюць «геаграфічным абставінам». Згодна з прапановаю Міністэрства абароны, мяжа Расеі мае быць пашыраная за кошт часткі акваторыі на ўсходзе Фінскай затокі, а таксама каля Балтыйску і Зеленаградску (на мяжы з Літвой) у Калінінградскай вобласці.

Турыстычны транспарт у Крыніцы-Морскай. Крыніца-Морска, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Для гэтага збіраюцца абнавіць пералік пунктаў, ад якіх адмераюць шырыню паласы тэрытарыяльных водаў каля мацерыковай часткі і астравоў Расеі ў Балтыйскім моры. МЗС Расеі даручылі даць на захоўванне генеральнаму сакратару ААН копіі змененых мапаў. Пакуль праект выстаўлены на грамадскае абмеркаванне, аднак ужо гаворыцца, што змены мусяць набыць моц у студзені 2025 года.

МЗС Літвы назваў прапанову «наўмыснай, мэтанакіраванай правакацыяй з мэтаю запалохаць суседнія краіны і іх грамадствы». І хоць фінскае вонкавапалітычнае ведамства заявіла, што не бачыць у дзеяннях РФ правакацыі, а расейскія дзяржаўныя медыі са спасылкаю на «вайскова-дыпламатычную крыніцу» запэўнілі, што Расея не збіраецца пераглядаць лініі дзяржаўнай мяжы на Балтыцы, праект пастановы быў выдалены.

Карэспандэнты «Белсату» скіраваліся праверыць, чым жыве памежны курорт з «неактуальнымі» межамі побач з найбуйнейшаю базаю Балтыйскага флоту РФ.

Курорт рыхтуецца да сезону

Як і большасць курортных мясцовасцяў, Крыніца-Морска ажывае, відаць, у сезон, калі горад напаўняецца натоўпамі турыстаў. У наш візіт мястэчка было яшчэ пустое, хаця гандлёвыя шэрагі з сувенірамі і кавярні ўжо адчынялі свае дзверы або рабілі апошнія прыгатаванні да іх адкрыцця. Праўда, у некаторых кавярнях уласнікі яшчэ проста адзначалі свае ўласныя сямейныя святы, хоць шум з іх і мог збіць з панталыку выпадковых наведнікаў.

Сцягі Еўразвязу, Польшчы і Украіны ў Крыніцы-Морскай. Крыніца-Морска, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Але ўжо перад вялікімі выходнымі ў горад скіроўвалася значна больш транспарту – прыватных аўтамабіляў, турыстычных аўтобусаў і аўтадамоў, – чымся напярэдадні.

У любым разе, нягледзячы нават на несезон, арэнда жытла выглядае даражэйшай у параўнанні з буйнымі гарадамі і ваяводскімі цэнтрамі Польшчы. Пры значна меншай якасці. Відаць, спрацоўвае правіла курортных паселішчаў, характэрнае і іншым мясцінам ды краінам: турыст, які хоча адпачыць на моры, заплаціць столькі і за такое.

У мястэчку вонкава незаўважна нейкай напружанасці ў звязку з пагрозамі з боку Расеі. Тут не відаць ні вайсковай прысутнасці, ні ўзмоцненых паліцэйскіх патрулёў. Ніхто ні ў каго не правярае дакументаў і не кантралюе праезду. Гэтак, дарогаю сюды давялося бачыць неаднаразова вайсковыя машыны камуфляжных колераў, але было гэта за пару соцень кіламетраў – там, дзе праводзіліся вайсковыя вучэнні. Тут жа нічога такога не было відаць. Як няма на касе і напружанасці з прычыны мігрантаў з краінаў Азіі і Афрыкі, якія не штурмуюць расейска-польскай мяжы, як яны гэта робяць з беларускага боку.

Людзі адпачываюць каля плоту каля польска-расейскай мяжы. Крыніца-Морска, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Без усіх гэтых трывог людзі проста адпачываюць на моры, слухаюць музыку, гуляюць, выпіваюць. Таксама ідуць актыўныя працы, каб паспець адрамантаваць дарогі і ўкласці новы асфальт, каб турыстам было прасцей і лягчэй прыехаць на курорт. Праўда, пакуль гэта стварае дадатковыя нязручнасці для праезду. Але ўжо за найбліжэйшы тыдзень-два ўсе гэтыя працы, падобна, мусяць завяршыцца. Так што ніхто тут прапускаць сезон з прычыны блізкасці Расеі, відавочна, не плануе. Адзінае папярэджанне, якое можна сустрэць у Крыніцы-Морскай, – гэта не карміць дзікоў, якія сапраўды блукаюць па гарадскіх пляжах і вуліцах.

«Ёсць страх. Калі глыбока падумаць, то сапраўды страшна ад таго, што можа адбыцца. Я сама перажыла вайну, ведаю, што гэта такое, што такое вайна. Але мусім з гэтым неяк даць рады, не можам баяцца. Не ведаю, як гэта будзе з вайсковага боку, але нельга паддавацца страху», – адказвае нашаму карэспандэнту турыстка сталага веку, якая прыехала ў Крыніцу-Морску адпачыць.

Турыстаў з Расеі стала меней

У горадзе публічна відаць трошкі польскіх і прынамсі адзін украінскі сцяг, але нечага асаблівага ў пытанні сімволікі, што б адрознівала Крыніцу-Морску ад больш аддаленых ад Расеі польскіх гарадоў, няма. Як няма, дарэчы, і расейскай мовы на публічных абвестках пра здачу пакояў. І гэта пры ўсёй блізкасці да РФ.

Вуліца ў Крыніцы-Морскай. Крыніца-Морска, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Як апавядае кіроўца турыстычнага мікрааўтобусу-таксоўкі, раней турыстаў з Расеі ў Крыніцу-Морску прыязджала значна больш, але з пачаткам у 2022 годзе поўнамаштабнай агрэсіі Расеі на Украіну іхная колькасць значна зменшылася.

Праўда, удакладняе суразмоўца, на Балтыйскай касе ніколі не было адкрытай мяжы з Расеяй. Да 2004 года з Крыніцы-Морскай да Калінінграду хадзіў паром, але пасля ўступлення Польшчы ў Еўразвяз спыніліся і такія паездкі.

А вось пра планы Расеі змяніць марскую мяжу ў раёне Балтыйску кіроўца нічога не чуў:

«Так далёка палітыкаю не цікаўлюся».

Праўда, расейскую мову на вуліцы часам пачуць можна было. Але ад жанчын і дзяцей, і гэта наводзіць на думку, што гэта ўцекачы ад вайны з Украіны, якія схаваліся ад расейскага агрэсара пад самую мяжу з РФ.

Кіроўца ўдакладняе, што не баіцца магчымасці расейскай агрэсіі, бо яму «зашмат гадоў, усякае ўжо перажыў». Паводле мужчыны, блізкасць Расеі наагул дадае Крыніцы-Морскай прывабнасці сярод турыстаў, «бо ўсе хочуць ехаць да мяжы».

Машына Памежнай аховы Польшчы каля польска-расейскай мяжы. Крыніца-Морска, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Дадатковая цікавінка», – падкрэслівае суразмоўца.

Мяжа дэмакратыі і дыктатуры

Каб дабрацца да мяжы, трэба праехаць яшчэ з 15 кіламетраў праз маляўнічыя прыбярэжныя лясы да Новай Карчмы, якая таксама называецца Пяскамі – ад былой вёскі, што цяпер ёсць асобнаю часткаю Крыніцы-Морскай. Тут сітуацыя ў плане бяспекі таксама не змяняецца: ідуць рамонтныя працы, прыбываюць турысты.

«Прыязджаю проста сюды, раблю сваю працу і з’язджаю», – кажа работнік паркінгу недалёка ад польска-расейскай мяжы.

Далей праезд для аўтамабільнага транспарту закрыты. Але на тры кіламетры праз лес наўпрост да мяжы цягнецца адмысловая роварная сцежка. Па ёй дзе сем’ямі, а дзе паасобку, дзе пешкі, а дзе і на роварах рушаць турысты. Дарога ўпіраецца ў шлагбаум і агароджу з сеткі. А надпісы на шыльдах тлумачаць, што гэта мяжа не толькі гораду і нават не толькі Польшчы, а ўсяго Еўрапейскага Звязу з Расеяй. Далей праход забаронены. Заязджаць за шлагбаум дазволена толькі памежнікам. Турысты ж проста фатаграфуюцца каля шлагбауму, што аддзяляе дэмакратычны свет ад дыктатуры.

Уздоўж сеткі ідзе новая дарога, што выводзіць людзей да Балтыйскага мора. Шмат хто з прыезджых проста застаецца там адпачыць. Некаторыя нават пралазяць за агароджу і адпачываюць на забароненай для праходу тэрыторыі. І адзіныя, каго яны баяцца, – відаць, польскія памежнікі, якія суворым позіркам прымушаюць іх вярнуцца па іншы бок агароджы.

Шлагбаўм каля польска-расейскай мяжы ў Крыніцы-Морскай. Крыніца-Морска, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Далей жа па шырокіх і даўжэзных пясчаных пляжах можна вярнуцца назад да паркінгу. А можна застацца і тут. Ніякіх абмежаванняў зноў-такі не відаць.

У цэлым Крыніца-Морска вонкава мала чым адрозніваецца ад рэшты курортных мястэчак. Нагадвае яна ў тым ліку і тыя прычарнаморскія мясціны Херсонскай вобласці Украіны, якія ўлетку 2021 года давялося наведаць аўтару. З лютага 2022-га яны пад расейскай акупацыяй.

belsat.eu