Мікалай стаіць у чарзе на пераход украінска-польскай мяжы ўжо чацвёрты дзень. Калі пад’ехаў, затор займаў каля 25 кіламетраў. Цяпер да пункту пропуску засталося каля 10 кіламетраў, але стан людзей у чарзе значна пагоршыўся.
Пагутарылі з беларусам пра атмасферу сярод тых, зто намагаецца выехаць з Украіны ў Польшчу.
Машыны стаяць у чарзе, пакідаючы паласу сустрэчнага руху і для праезду машын экстраных службаў. Аднак гэтай вольнай прасторай карыстаюцца людзі, якія не маюць намеру чакаць.
«Стаіць чарга, і часам бывае, што злева пралятаюць машыны на кіеўскіх нумарах. Мне ўжо распавялі, якія нумары кіеўскія, якія – не. Зразумела, што ў людзей проста не вытрымліваюць нервы: едуць па сустрэчнай паласе, а потым пачынаюць укліньвацца перад усімі. А тыя, хто стаіць у чарзе, у іх таксама не вытрымліваюць нервы, яны выходзяць, перакрываюць сустрэчны рух і пачынаюць дапытваць, хто, адкуль і куды едзе. Некаторых разварочваюць. Тыя, хто не хоча разварочвацца, пачынаюць тузацца, біцца, б’юць па люстэрках машынаў адзін аднаго. Нервы, усе баяцца, усе стаміліся», – распавядае наш суразмоўца.
Ён адзначыў, што пытанне чаргі хвалюе толькі ўдзельнікаў чаргі, бо паліцыя хоць і ездзіць побач, увагі на парушэнні не звяртае:
«Самыя нахабныя – людзі на дарагіх машынах, пазадарожніках. Не адзін раз сутыкаўся, што такія людзі не маюць на мэце стаяць у чарзе, як усе, а вырываюцца наперад. Быў адзін дзядзька на супердарагім «Мерседэсе», які казаў, што ў яго квіткі гараць у Злучаныя Штаты. Але тут у чарзе людзі з дзецьмі, што тыя квіткі, якія б дарагія яны ні былі?»
Па дарозе да пераходу ёсць некалькі бензастанцыяў. Праз тое, што ночы халодныя, людзі не глушаць аўтамабіляў, таму расход паліва – вялікі.
«На запраўках наліваюць толькі па 20 літраў бензіну ў машыну. У прынцыпе, гэтага хапае даехаць ад запраўкі да запраўкі. Я вось за некалькі кіламетраў спаліў каля 10 літраў паліва. Проста стаяў і грэўся ноччу», – паведамляе Мікола.
З ягоных словаў, павольны рух калоны ўначы яшчэ больш запавольваецца, а ў людзей у чарзе была надзея, што ўдзень прапускаюць пешых, каб тыя не мерзлі ў полі, а ноччу ўжо зоймуцца транспартам. Аднак на КПП людзі працуюць іначай.
«Ноччу мы стаялі тры гадзіны без аніякага руху. І ў гэты час ты не можаш паспаць, бо калі чарга паедзе, то ты адкінешся назад і застанешся тут яшчэ даўжэй. За ўвесь час, што я стаю, паспаў недзе тры гадзіны», – дзеліцца падрабязнасцямі мужчына.
Мікола – з Беларусі, быў вымушаны з’ехаць ва Украіну праз пераслед. Ён адзначыў, што да яго як уладальніка машыны з беларускімі нумарамі ставяцца прыязна, ніякай агрэсіі ў чарзе не выказваюць:
«У прынцыпе, усе разумеюць, што беларусы ў той жа сітуацыі апынуліся ў чарзе. Перазнаёміліся з тымі, хто сядзіць на дзве машыны наперад і дзве машыны назад. Бывае, што надакучвае сядзець у машыне, выходзіш пастаяць, пагутарыць. Людзі бачаць, што машына з Беларусі, распытваюць, як там у нас што. Пераважна нават не пытаюць, а адразу пачынаюць гнаць на Лукашэнку, якая ён мярзота. Украінцы разумеюць, што калі беларус тут, то Лукашэнка яму не вельмі».
Нягледзячы на тое, што на КПП прапускаюць пешых людзей з дзецьмі ў першую чаргу, не ўсе наважваюцца на такі крок.
«Перада мной і за мной у машынах – дзеці. Там мікрааўтобус, яны рэдка выходзяць, то я нават не ведаю, колькі іх там. Ёсць яшчэ машыны, дзе кіроўцы вязуць сваякоў да мяжы, а потым вяртаюцца, каб далучыцца да тэрытарыяльнай абароны. Я пазнаёміўся з сям’ёй, дзе старэйшы брат і бацька казалі, што вяртаюцца, каб далучыцца да супраціву», – распавядае спадар.
Ён папрасіў перадаць асаблівую падзяку людзям, якія прывозяць харчаванне і ваду для ўцекачоў у чарзе:
«Ніколі ў жыцці не хопіць словаў, каб выказаць падзяку тым людзям, хто прывозіць ежу. Гэта максімальна міла, максімальна кранальна. Некаторыя ладзяць пункты раздачы ежы і раздаюць там наробленыя лусцяні, хатнюю тушаніну цёплую. А ёсць людзі, што забіваюць харчам багажнік і едуць уздоўж чаргі, ваду раздаюць. Адзін дзядзька пабачыў, што ў машыне ёсць маленькая дзяўчынка, і падарыў ёй вялікую ляльку. Маці было вельмі прыемна».
Мікалай распавёў, што чарга павольна сунецца, таму ў яго ёсць надзея бліжэйшымі днямі ўсё ж мінуць мяжу і пабачыцца з сям’ёй, якая перайшла КПП пешкі.
Вайна Расеі супраць Украіны ідзе з 24 лютага . Сёння, 1 сакавіка, на шосты дзень вайны, расейскія войскі ўшчыльную падышлі да Харкава, Херсону, Марыупалю.
На фоне вайны, Еўрапарламент падтрымаў наданне Украіне статусу краіны – кандыдаткі ў Еўрапейскі Звяз.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін афіцыйна заявіў, што з дапамогаю вайны намагаецца змяніць палітычнае кіраўніцтва ва Украіне.
Афіцыйных звестак пра колькасць загінулых вайскоўцаў з абодвух бакоў няма. Але гледзячы на відэа знішчанай расейскай тэхнікі, можна меркаваць, што акупацыйныя войскі РФ нясуць вялікія, у тым ліку і чалавечыя страты.
Вайна ва Украіне: куды ўцякаць і дзе ратавацца?
Як дапамагчы сабе і дзецям, калі вельмі страшна? Парады псіхатэрапеўта
Калектыўная адказнасць: ці мусяць беларусы адчуваць віну і сорам перад украінцамі?
«Ужо ўсе слёзы выплакала». Як працуе цэнтр дапамогі ўкраінцам у цэнтры Варшавы
МГМ belsat.eu