Жыхары дому № 16 на Віцебскім праспекце ў Магілёве сваймі сіламі ўладкавалі двор. Тры гады дарослыя і дзеці карысталіся плёнам сваёй працы, а тыдзень таму ўсю іхную пляцоўку зруйнавалі.
Пра сітуацыю распавядае жыхарка, якая садзіла вырваныя кветкі, Наталля Конанава:
«Зробленыя былі пясочніцы, клумбы, кусты, высаджаныя кветкі. У мінулую пятніцу патэлефанавалі мамы, якія ў дэкрэце, з суседняга дому, сказалі, што ЖЭУ ўсё ломіць, дэмантуе».
Каб адгарадзіць зялёную зону ад машынаў і ўпрыгожыць свой двор, жыхары дому №16 выкарысталі апоны.
«Тут, унутры, стаялі апоны, высока была такая клумба, у сярэдзіне сядзеў вялікі куст шыпшыны. Вось ён цяпер ляжыць – куст быў добры, з каранямі», – кажа Наталля Конанава.
Свой парадак у гэтым двары ЖЭУ № 8 навяло без папярэджання. Грэчка, язмін, бэз – усё вырвалі з каранямі ці завалілі апонамі. Цалкам знішчылі дзіцячую бегавую дарожку і лаўку. За сабою камунальнікі пастанавілі не прыбіраць: ужо тыдзень у двары ляжаць апоны і зеўраюць яміны.
Іншыя жыхары дому №16 таксама абураныя:
«Бязмежжа нейкае, і так шкада, калі ідзеш, гэтыя расліны каранямі ўверх ляжаць, проста душа замірае».
«Быў Год культуры, але ніхто нікога нічому не навучыў, на жаль».
У ЖЭУ-8 нам патлумачылі, што яны выконваюць даручэнне старшыні гарвыканкаму Уладзіміра Цумарава, які пастанавіў прыбраць ўжываныя шыны з дваравых тэрыторыяў.
«Апоны не ёсць элементам добраўпарадкавання. Вы ведаеце, з чаго складаецца гума? З фармальдэгіду. З небяспечных рэчываў. Няма машыны, чакаюць машыну, будзе транспарт – усё вывезем», – адказала дыспетчарка ЖЭУ-8 Таццяна Пашкевіч.
І так па ўсім горадзе. Пра ліквідацыю апонаў паведамляюць жыхары іншых вуліцаў:
«Стаяла апона ў нас, дзіцячая пляцоўка – любілі збірацца дзеткі. Садзілі кветачкі, вось і ўсё. Ну, апона знікла».
«Я не ведаю, мне ніхто не сказаў, чаму і што. Вось у мяне тут пяць апонаў было – я садзіла клумбу, кветкі рабіла. Ну, вось няма кветак».
«Нельга, вядома, гуму закопваць, правільна. Гэта парушае экалогію і выгляд, усё такое».
У ЖЭУ спасылаюцца на экалогію: нібыта апоны могуць нанесці шкоду. Ці так гэта насамрэч, мы спраўдзілі ў эколага Ганны Скрыган.
«Яны не ўяўляюць экалагічнай небяспекі ні для дзяцей, ні для навакольнага асяроддзя, бо шкодныя рэчывы, якія ёсць у іх, вылучаюцца пры пэўных умовах. Але гэта адбываецца пры тэмпературы звыш 50 градусаў», – кажа Ганна Скрыган.
Пры гэтым гума – добры матэрыял для дзіцячых і спартовых пляцовак праз сваю нізкую траўматычнасць. І добраўпарадкаваць двор пры дапамозе апонаў значыць альтэрнатыўна выкарыстаць каштоўны матэрыяльны рэсурс.