Міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу дамовіліся аб трэцім пакеце санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння. Пры гэтым Эстонія заклікала, каб яны ўключалі ў сябе фінансавыя захады. У гэты ж дзень Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўхваліў Кангрэс Злучаных Штатаў Амерыкі, а эксперты ААН звярнуліся да Лукашэнкі, каб ён расследаваў гвалт.
Еўразвяз паабяцаў, што вызначыцца з пашырэннем санкцыяў супраць адказных за фальсіфікацыі і гвалт.
Жузэп Бурэль, кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства ЕЗ:
«Але гэтыя санкцыі павінныя распаўсюджвацца не толькі на прыватных асобаў, але і на ўладныя ўстановы, прадпрымальнікаў і фірмы».
Да гэтага цягам тыдня заклікае Еўропу лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская і канстатуе:
«Пратэст спаралізаваў працу дзяржавы. Яна не займаецца цяпер развіццём. Яна намагаецца забяспечыць выжыванне».
У Рыжскім спісе заклікаў Ціханоўскай:
– не супрацоўнічаць з «Беларусбанкам» і «Белаграпрамбанкам»,
– не набываць прадукцыю прадпрыемстваў, якія звальняюць беларусаў за страйк,
– нафтапрадукты, метал, дрэва і алкаголь – з Беларусі не завозіць,
– накласці санкцыі на бізнес набліжаных да Лукашэнкі асобаў,
– абвесціць экстрэмісцкімі арганізацыі ГУБАЗіК і АМАП,
– не праводзіць у Менску Чэмпіянат па хакеі-2021.
На гэты момант, чэмпіянат ужо трапіў пад пытанне.
Рэнэ Фазэль, старшыня Міжнароднай Федэрацыі Хакею:
«У Беларусі ўзнікаюць цяжкасці, да якіх неабходна ставіцца сур‘ёзна, бо існуе значная рызыка, што цяперашнія праблемы ў Менску, пазіцыя ўраду суарганізатара – Латвіі і пандэмія COVID-19 зробяць значны ўплыў на чэмпіянат свету – 2021».
Ковід і гвалт… Супраць першай праблемы вакцыну рыхтуюць хутка і ўсім светам. Супраць катаў Лукашэнкі – дзеюць без Кітаю і Расеі, на якой завязаная эканоміка Беларусі. Санкцыі ўводзяць сімвалічныя і больш марудна, чым у 2008-ым годзе, калі абшар рэпрэсіяў быў значна меншы, – кажа палітолаг Павел Усаў:
«На гэта, магчыма, працуюць таксама вонкавыя агенты і лабісты беларускага рэжыму, на меркаванне, што санкцыі прывядуць да таго, што Расея атрымае карт-бланш у дачыненнях з Беларуссю, што далёка ад рэчаіснасці».
Палітолаг дадае, што Лукашэнку таксама ўдалося стварыць у вачах еўрапалітыкаў ілюзію, што ён не здасць Крамлю незалежнасць Беларусі:
«Лукашэнка, нават кепскі ці злы, не дае Расеі захапіць Беларусь і нават з’яўляецца нейкім гарантам незалежнасці, што не вытрымлівае ніякіх лагічных ацэнак».
ЗША больш прагматычныя ў адзнаках, але ў апошнія месяцы «жылі» уласнымі выбарамі прэзідэнта. Сёння ж Кангрэс ухваліў «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі», які прызнае Каардынацыйную раду законным органам для перадачы ўлады Лукашэнкам:
«Прэзідэнт ЗША можа ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з’яўляецца чальцом ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у фальсіфікацыі выбараў, або ў дачыненні ўрадавай асобы, адказнай за пераслед незалежных медыяў, або прадстаўніка Саюзнай дзяржавы, ці грамадзяніна Расеі, які браў актыўны ўдзел у пераследзе медыяў і палітычных рэпрэсіях у Беларусі».
Наперадзе – разгляд Акту ў Сенаце і падпісанне прэзідэнтам. У Дакуменце прапісаны план падтрымання беларусаў, якія застаюцца на баку мірных пераменаў. Новых выбараў і вызвалення палітвязняў – акт патрабуе ад Лукашэнкі. Ад ЗША – усяляк прасоўваць дэмакратыю і грамадзянскую супольнасць, падтрымаць беларускія СМІ і ІТ-сектар, прыватны бізнес, не прызнаваць Саюзнай дзяржавы.
Большасць апытаных сёння ў сталіцы беларусаў «ЗА» міжнародны ціск на дзейную вертыкаль.
«Любая захада, накіраваная супраць гвалту супраць народа дапаможа адстаўцы ».
«Санкцыі – гэта супер, гэта цудоўна».
«Зараз пачалі мацней давіць і ёсць імавернасць, што гэтая даўка не скончыцца. Але крок, пэўна, правільны».
Але яшчэ не зроблены. Якія захады Еўропа гатова ўжыць супраць дзеля спынення жорсткасці на вуліцах і ў арганізацыях Беларусі, мае быць вядома найпазней на пачатку снежня.
Юлія Цяльпук, «Белсат»