Вось так выглядае будынак Вярхоўнага Суда. Але тым, хто там працуе, гэта ўжо не пасуе. Чакаць засталося нядоўга, неўзабаве яны змогуць пераехаць у новы камфортны будынак у паркавай зоне на беразе Свіслачы насупраць рэзідэнцыі Лукашэнкі на вуліцы Арлоўскай.
«Вы кантралюеце будаўніцтва, хацелася б ведаць, як яно прасоўваецца, ці паспеем мы да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі народу прынесці падарунак да 7 лістапада?» – пытаецца кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ ў траўні старшыня суда Валянцін Сукала паабяцаў кіраўніку краіны ўкласціся ў тэрмін, але не ўдалося. Магчыма, будаўнікі і архітэктары не разлічылі коштаў, пра частку якіх ведаем з тэндараў дзяржаўных закупаў.
Герб і гэты надпіс – Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь – абышліся дзяржаве прыкладна ў 112 тысяч долараў. Калі ўявім, што палову займае герб, то кожная літарка абыходзіцца прыкладна ў 2 тысячы долараў.
Хрустальная жырандоля для холу ля галоўнага ўваходу – каля 90 тысяч долараў, адных толькі мастацкіх вырабаў – на 830 тысяч долараў. Прадугледжаныя нават віп-санвузлы і фантан за 300 тысяч долараў. Мы запыталіся ахоўніка тэрыторыі:
– Я так разумею з падсветкаю, але нас грашыма не інфармуюць. Бо мы людзі маленькія. Яны – белыя каўнерыкі, мы – чорныя каўнерыкі.
– А вы ўнутры былі калі-небудзь?
– Канешне.
– А распавядзіце, як там усё выглядае.
– Вельмі прыгожа, вялізныя свяцільнікі. Добра зрабілі. Калі б для людзей гэта было пабудавана, было б нармальна.
Мы запыталі падаткаплатнікаў, як яны ацэньваюць такія выдаткі:
– Так, крута! Крута канечне для нашай краіны.
– А як вы лічыце, ці паўплывае гэта на якасць судовай сістэмы, ці патрэбны судовай сістэме такі фантан?
– Ну, думаю, што не.
«Думаю мы ім таксама будзем карыстацца, мы тут недалёка жывём, гуляць ходзім па гэтым парку з дзецьмі, унукамі. Таму і фантанам таксама будзем карыстацца».
– Фантаны ў гэтай судовай сістэме не патрэбныя, мне так падаецца.
– А што патрэбна?
– Не ведаю, штосьці цікавае, забаўляльнае. А ў гэтай сістэме – не, тут жа сур’ёзная арганізацыя судовая. Дык навошта тут фантан?
– Сурʼёзная? Вы ўпэўненыя?
– Ну, раз судовая, значыць сурʼёзная.
– Проста шмат у каго з цыркам асацыюецца, у вас не?
– Судовыя справы? Ну, бывае, цырку ў нас хапае, і там таксама ў іх хапае.
Немалыя грошы ўкладаюцца не толькі ў будынак Вярхоўнага Суда: у раённых цэнтрах шмат дзе зʼяўляюцца новыя або добра адрамантаваныя будынкі судоў.
«Мадэрнізацыя тэхнічная, на жаль, не паляпшае сутнасці судовай сістэмы». «Судовая сістэма залежная. Суддзі – у залежнасці ад выканаўчай улады, і гэта моцна адбіваецца на абʼектыўнасці судовай сістэмы і адпаведна на абароненасці беларускіх грамадзянаў», – гаворыць Алесь Бяляцкі, праваабарончы цэнтр «Вясна».
То бок змены ў судовай сістэме неабходныя, праўда, пытанне наўрад ці ў харастве сядзібаў беларускае Фэміды.
Вольга Чайчыц, belsat.eu